Коданьская Божая Маці.

Коданьская Божая Маці.

Выява св. Язафата Кунцэвіча.

Выява св. Язафата Кунцэвіча.

Мініятурная выява каталіцкага святога знойдзеная на Гродзеншчыне.

Медальён знаходзіцца ў досыць кепскім стане, таму надпісы прачытаць немажліва. Аднак выявы дазваляюць меркаваць, што на ім менавіта святы Язафат: барадаты мужчына ў мітры з біскупскім жазлом у адной руцэ і аліўкавай галінкай (сімвалам пакутніцтва) у другой.

Біскуп Язафат Кунцэвіч быў забіты ў Віцебску ў 1623 г. апанентамі на рэлігійнай глебе. Па смерці Кунцэвіч быў кананізаваны, культ ягоны пашыраўся. Аднак пасля скасавання Уніі на тэрыторыі Расейскай імперыі ў сярэдзіне ХІХ ст. усе ягоныя выявы метадычна знішчаліся: цяпер кожная з іх уяўляе сабой тэму для даследавання.

На другім баку медальёна традыцыйна выяўленая Багародзіца, вельмі падобная да Коданьскай Маці Божай. Кодань – мястэчка над Бугам (цяпер Польшча). Там дзейнічаў грэка-каталіцкі храм, па якім цяпер захавалася толькі брама. Сам жа цудатворны абраз шанаваўся як каталікамі, так і ўніятамі.

Медальён, верагодна, з’яўляецца “каранаткай”, то бок сімвалічнай памяткай аб каранацыі абраза (абраз Коданскай Багародзіцы быў каранаваны ў 1723 г.).

Як нам мпаведамілі ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі, у іх фондах пакуль няма арыгінальных выяваў св. Язафата, хоць музей і мае залу, прысвечаную Уніі ў Беларусі. Медальён пакуль знаходзіцца ў прыватай калекцыі, але неўзабаве будзе перададзены ў грэка-каталіцкі парафіяльны цэнтр у Гродне, які мае адкрыцца ўжо сёлета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?