Прарэктар па акадэмічных пытаннях прафесар Аляксандр Каўбаска прыняў на сябе кіраўніцтва дэпартаментам гісторыі ЕГУ да асобнага рашэння кіраўнічай рады ўніверсітэта.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловым загадзе, які падпісаў рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў.

Раней было прынятае рашэнне вызваліць з пасады кіраўніка дэпартамента гісторыі прафесара Паўла Церашковіча, паўнамоцтвы якога на гэтай пасадзе спыняюцца 31 сакавіка. Пасяджэнне кіроўнай рады адбудзецца ў сярэдзіне красавіка.

Аляксандр Каўбаска сказаў, што не каментуе звальненне Церашковіча, хоць «афіцыйнае тлумачэнне Павал Усеваладавіч атрымаў».

Ці азначае гэтае кадравае рашэньне, што ў акадэмічным дэпартаменце гісторыі адбудуцца нейкія змены адносна выкладання гісторыі Беларусі ці выкладання на беларускай мове?

«Я магу сказаць пра свае курсы, якія я выкладаю на беларускай мове ўжо гадоў 20 і ў менскім ЕГУ, і ў віленскім ЕГУ. І ніякая змена кіраўніцтва на гэта не ўплывала.
Мне даручана пераймаць аператыўнае кіраўніцтва да асобнага рашэння кіроўнай рады. Ніякіх зменаў у тым, што было ў дэпартаменце, у гэты час не прадбачыцца. А ў будучым мы з вамі сустрэнемся і пра будучае будзем гаварыць асобна», — адзначыў спадар Каўбаска ў размове з карэспандэнтам «Свабоды».

Павал Церашковіч сказаў, што каментаваць кадравыя рашэнні адносна дэпартамента гісторыі зможа толькі пасля пасяджэння кіроўнай рады.

Прафесар Павал Церашковіч звольнены з пасады кіраўніка дэпартамента гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Ён застаецца кіраўніком сенату, даследчага цэнтру і выкладчыкам універсітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?