31 сакавіка Нацыянальная авіякампанія «Белавія» пераходзіць на летні расклад, які будзе дзейнічаць да 26 кастрычніка 2013 года.

Як паведамляе прэс-служба кампаніі, «Белавія» ўводзіць сезонныя рэйсы, адкрывае новыя кірункі, павялічвае частату выканання палётаў па ўжо дзейных маршрутах.

З 28 красавіка двойчы ў тыдзень будуць выконвацца рэгулярныя рэйсы з Мінска ў Самару.

З 28 мая ў раскладзе з’явіцца рэгулярны рэйс Мінск — Кутаісі — Мінск, які будзе выконвацца тройчы на тыдзень.

Акрамя таго, у летнім раскладзе адновяцца рэгулярныя палёты з Мінска ў Новасібірск, Сочы, Сімферопаль, Караганду, Кастанай, Паўладар і Манчэстэр. Таксама будуць выконвацца палёты ў Калінінград з Брэста, Гомеля і Гродна.

У новым сезоне «Белавія» павялічвае частату выканання рэйсаў па шэрагу напрамкаў: Парыж, Тэль-Авіў, Екацярынбург, Тэгеран, Ларнака, Ашхабад, Батумі, Гановер, Ерэван, Масква, Кіеў, Лондан, Мілан, Стамбул.

«Адкрываючы новы сезон, мы стараемся ўлічваць, у першую чаргу, пажаданні нашых пасажыраў і плануем у адпаведнасці з імі і існым попытам свае маршруты. Мы працягваем надаваць асаблівую ўвагу развіццю транзітных перавозак праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, што ўжо дае высокі вынік», — адзначыў генеральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў.

Акрамя рэгулярных рэйсаў, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы, з’явяцца і новыя чартарныя праграмы з вылетам з Мінска на грэчаскія астравы Кос і Закінтас; у Араксас (Грэцыя), Катанію (востраў Сіцылія, Італія), Пальму-дэ-Маёрку (востраў Маёрка, Іспанія), а таксама ў Ціват (Чарнагорыя), Пулу і Задар (Харватыя).

Будзе працягнута распачатая мінулай восенню чартарная праграма па маршруце Мінск- Акаба (Іарданія) — Мінск.

Яшчэ адным новаўвядзеннем стане выкананне чартарных рэйсаў з Брэста ў Бургас (Балгарыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?