На ўзнагароды сайта Experty.by сёлета завітаў музычны крытык, аглядальнік найбуйнейшага літоўскага партала Delfi.lt Караліс Вішняўскас, які адслухаў усе беларускія альбомы 2012 года, а таксама стаў адным з замежных экспертаў, якія ацэньвалі альбомы для прэміі.

«Наша Ніва» сустрэлася са спадаром Вішняўскасам, каб даведацца, як выглядае беларуская музычная сітуацыя звонку.

«Наша Ніва»: Як і чаму вы зацікавіліся беларускай музыкай?

Караліс Вішняўскас: Я атрымаў ліст ад калегі, які летась удзельнічаў у міжнародным журы Experty.by — ён спытаўся, ці цікава мне прааналізаваць музычныя вынікі году ў Беларусі. Я на той момант пра беларускую музыку нічога не ведаў, а ў вашай краіны вельмі незвычайны імідж — «апошняя дыктатура» і г.д. Мне цікава было паглядзець, якая музыка гучыць у Беларусі. Сам па сабе я б гэтым дакладна не заняўся, а тут выдалася магчымасць.

Я папрасіў даслаць мне нават тыя запісы, што атрымалі адзнакі ад чацвёркі і ніжэй. Да таго я чуў толькі пра гурты, якія выступалі ў Вільні — «Ляпісаў» і «Крамбамбулю».

НН: Чаго вы чакалі ад беларускай музыкі?

КВ: Я думаў, што беларуская музычная сітуацыя будзе прыблізна як літоўская, толькі крыху горш. А апынулася наадварот — крыху лепей. Я

меркаваў, што ў Беларусі шмат цяжкага року, «рэвалюцыйнай» музыкі, з пасылам пра свабоду. А апынулася, што ў вас цікавая электронная сцэна, шмат класнага фолку, я ўражаны гуртамі кшталту Vegetables, Akute, Sang Sattawood
— апошніх у сваім прыватным рэйтынгу я паставіў на першае месца, бо ў Літве, напрыклад, не чуў настолькі цікавай псіхадэліі з выдатным вакалам. У Літве гэта ўвогуле праблема — у нас шмат выдатных інструменталістаў, але вакалістаў вельмі не стае. Добры вакаліст можа абраць сабе гурт у любым стылі.

НН: Вы кажаце, што беларуская музыка выявілася крыху лепшай за літоўскую, чаму?

КВ: У беларусаў болей жарсці. Мы ў Літве можам запісваць абсалютна любую музыку, а ў вас ёсць пэўны кантэкст, не вельмі спрыяльны. Менавіта таму музыка, як мне падаецца, гэта магчымасць выпусціць пару.

НН: Ці ёсць відавочныя праблемы ў беларусаў?

КВ: Галоўная праблема, што

тая музыка, якая гучыць у вас зараз, яна мусіла гучаць годзе ў 2004-ым. У Літве тое самае, мы не паспяваем за сусветным музычным працэсам.
Іншая праблема — што беларускія музыкі імкнуцца гучаць «па-заходняму», а гэта не заўжды атрымліваецца. Спяваюць па-англійску з моцным акцэнтам, няма нічога дрэннага ў тым, каб спяваць па-англійску, аднак калі ты гэта робіш — рабі бездакорна. І, што таксама нярэдка сустракаецца, музыкі імкнуцца паўтараць заходнія «фішкі». То бок ты чуеш песню, і з’яўляецца адчуванне, што ты чуў яе раней — гэта не плагіят, проста перайманне. Проста атрымліваецца не вельмі якасная копія. Гэта, дарэчы, усеагульная праблема. Напрыклад Akute, яны, як мне падалося, бяруць прыклад з першых альбомаў Yeah Yeahs ці The Killers, але ў іх ёсць свой падыход, яны спяваюць па-беларуску — і гэта робіць іх арыгінальнымі.

НН: У Беларусі цяжкая сітуацыя з поп-музыкай, якая ў большасці выпадкаў калькуецца з расійскай…

КВ: У нас адбываецца тое самае — ёсць такі канал «Первый Прібалтийский», які транслюе ў асноўным жахлівую расійскую поп-музыку, але сталае пакаленне любіць хадзіць на канцэрты рускіх поп-выканаўцаў у Вільні, думаю, гэта настальгія, ці нешта такое.

НН: Беларускія музыкі імкнуцца працаваць «на Захад», ці ёсць у беларусаў шансы на папулярнасць у Еўропе?

КВ: Беларуская музыка рухаецца ў правільным кірунку, аднак як і ў літоўцаў ёсць праблема — мы не ўмеем сябе прэзентаваць. Трэба свае запісы як мага часцей засылаць людзям, якія працуюць у Еўропе, «прывітанне, мы вось такі гурт, маем запісы, ці цікавыя яны вам?». Канешне, не ўсе вам адкажуць на ваш ліст, але трэба прабівацца.

У Беларусі да таго ж ёсць вельмі незвычайны імідж як у краіны. Усім цікава, якая музыка ў вас гучыць. Вось як у Расіі было з Pussy Riot — я не буду казаць пра якасць іх музыкі, там гэта не асноўнае, але калі выканаўцаў падтрымлівае Мадона, то гэта сведчыць пра цікавасць.
Я не кажу, што беларускія музыкі мусяць ладзіць сканадалы, як Pussy Riot, але тое асяроддзе, у якім яны існуюць, Еўропе мусіць быць цікавым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?