Зборная Латвіі па хакеі выйграла групавы турнір у Рызе і прабілася на Зімовыя Алімпійскія гульні — 2014 у горадзе Сочы.

Сёння Латвія ў авертайме прайграла Францыі — 2:3 (0:2, 1:0, 1:0, 0:1), але за кошт бала, атрыманага за паразу ў авертайме і перамогах у першай і другой гульнях: нашы паўночна-заходнія суседзі перамаглі — Брытанію (6:2) і Казахстан (3:2) — і заваявалі першае месца ў групе.

Зборная Латвіі выстаяла ўчатырох у канцы трэцяга перыяда супраць Францыі, калі выдалілі Озаліньша, а ў канцы асноўнага часу Бартуліс пабіў Манье і абодва зарабілі па дзве хвіліны штрафу. На 59-й хвіліне зборная Францыі выпусціла 5-га палявога гульца, устроіла штурм брамы латвійцаў, але каманда Тэда Нолана адбілася.

Выніковае становішча: Латвія — 7, Казахстан — 6, Францыя — 5, Брытанія — 2.

Нагадаем, што беларусы не змаглі прабіцца на Алімпіяду, з нашай групы едзе Славенія, што перамагла ва ўсіх трох матчах, у тым ліку сёння Украіну з лікам 6:1.

Пуцёўку на Алімпіяду таксама заваявала Аўстрыя, што выйграла аналагічны турнір у Германіі.

Аўстрыя — 7, Германія — 6, Італія, Нідэрланды — 0.

Такім чынам склад групаў алімпійскага турніру выглядае наступным чынам:

Група, А: Расія, Славакія, ЗША, Славенія.

Група B: Фінляндыя, Канада, Нарвегія, Аўстрыя.

Група С: Чэхія, Швецыя, Швейцарыя, Латвія.

Згодна з фарматам турніру, тры пераможцы груп і лепшая з камандаў, якія занялі другое месца, трапляюць у чвэрцьфінал, а іх супернікі вызначацца па выніках кваліфікацыйных гульняў астатніх удзельнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?