Старшыні Віцебскага аблвыканкама

спадару Косінцу А.М.

Старшыні Аршанскага гарвыканкама

спадару Лісоўскаму М.В.

Паважаны Аляксандар Мікалаевіч!

Паважаны Мікалай Віктаравіч!

Ужо больш за восем гадоў у маім родным горадзе Оршы стаіць без даху будынак базыльянскага кляштару — рэшткі аднаго з самых выбітных помнікаў архітэктуры горада. Ад дажджу і снегу помнік і надалей разбураецца.

Адказныя асобы ў горадзе і вобласьці зусім не спраўляюцца са сваімі абавязкамі па выратаваньні кляштару ад пагібелі, іхняга клопату ў гэтым напрамку зусім не бачна. Цяпер кляштар накрыты белай коўдрай мяцеліцы, старыя муры сьцінае мароз, а хутка прыйдзе вясна, пойдуць дажджы, і, каб пазьбегнуць далейшага разбурэньня будынку, нам трэба шмат пасьпець у бліжэйшы час.

Некалькі год таму будынак кляштару, які быў даведзены да занядбанага стану, перадалі Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Але ж перакласьці адказнасьць за далейшы лёс амаль разбуранага помніка архітэктуры на плечы хрысьціянскай суполкі было зусім не справядліва, і ў прынцыпе няслушна! Бо сьвятыню Апекі Маці Божай разбурылі ў жніўні 1969 года савецкія ўладары Воршы (адбывалася гэта на маіх вачах), а кляштар быў даведзены да бядотнага стану поўнай бязьдзейнасьцю цяперашніх прадстаўнікоў улады, адказных за развіццё культуры і захаванне спадчыны. Таму і аднаўляць помнік, безумоўна, павінна дзяржава!

Хачу адзначыць станоўчыя прыклады аднаўленьня архітэктурнай спадчыны ў Віцебску, Магілёве і ў самой Воршы (частковае ўзнаўленьне езуіцкага кляштару, які царызм прыстасаваў пад турму, і помнік праіснаваў у гэтай якасьці ў цэнтры горада да пачатку 1990-х гадоў; а таксама аднаўленьне Куцеінскай царквы). У працяг гэтай практыкі захавання гістарычнай спадчыны прапаную на абласным узроўні прыняць рашэньне аб аднаўленьні сьвятыні Апекі Маці Божай, тэрмінова распачаць кансэрвацыю і рэстаўрацыю будынку кляштару.

Дапамагчы у гэтай высакароднай справе магла б грамадзкасьць. Прынамсі, на гэта я моцна разлічваю, і ў гэтае дапамозе гатовы я сам па меры сваіх сілаў удзельнічаць. Улічваючы складанасьць становішча, у якім апынуўся кляштар базыльянаў, я абвясьціў пра продаж шэрагу сваіх твораў, 65% выручаных такім чынам сродкаў я намераны ахвяраваць на ўзнаўленбне кляштару базыльянаў.

Адначасова спадзяюся на актыўную падтрымку культурных установаў, грамадзкіх арганізацыяў, прадстаўнікоў бізнэсу, усяе патрыятычнае грамадзскасьці горада і вобласьці, аршанцаў у нашай краіне і ў замежжы –усіх, каму дарагое гістарычнае аблічча горада, імідж нашай дзяржавы, культурная і архітэктурная спадчына нашага народу.

З Богам і Вераю,

Ваш зямляк Мікола Купава,

сябра Беларускага саюзу мастакоў, узнагароджаны дыплёмам і медалём імя Францішка Скарыны, Прывілеем Беларускага Асьветніцкага Фонду імя Лява Сапегі (за кнігу казак Уладзіміра Караткевіча «Лебядзіны скіт»), ляўрэат прэміі Беларускага Фонду Тадэвуша Касьцюшкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?