Збігнеў Бжэзінскі падчас выступу ў Кангрэсе ЗША пракаментаваў перспектывы далучэння краін СНД да Еўразійскага саюза. Паводле яго словаў, у кароткатэрміновай перспектыве нацыяналістычная тэндэнцыя, якая цяпер назіраецца ў Расіі, патэнцыйна можа стварыць імпульс для такіх ідэй, як Еўразійскі саюз. «Але калі глядзець на рэчы рэальна — хто захоча далучыцца да Еўразійскага саюза? Я не думаю, што спіс будзе доўгім», — адзначыў знакаміты амерыканскі палітолаг, які быў дарадцам прэзідэнта Картэра па нацыянальнай бяспецы.

«Можа, Януковіч? У Маскве спадзяваліся на гэта, але, як аказалася, Януковіч і яго фінансавыя спонсары больш зацікаўлены ў ідэнтыфікацыі ўласнай тэрыторыі, амаль як банда. І яны не хочуць, каб іншая банда займала іх тэрыторыю. Яны кажуць Расіі: мы з вамі, але гэта наша тэрыторыя, і толькі мы маем правам красці і падманваць у гэтай зоне. Гэта наша, а не ваша. Гэта і вызначае тон дыскусіі аб гегемоніі Расеі пры рэжыме Пуціна», — цытуе Бжэзінскага «Голас Амерыкі».

«Лукашэнка да пэўнай ступені ў падобнай сітуацыі, аднак ён больш залежны. Грузія становіцца магчымым кандыдатам на саюз з Расіяй і гэта можа каштаваць ёй сяброўства з ЗША ў сувязі з важнасцю нафтаправода Баку-Джэйхан», — адзначыў ён.

«Казахстан з Назарбаевым на чале? Вельмі сумняюся. Ён і так вельмі добра манеўруе паміж Расеяй, Кітаем і рэштай свету. Карымаў і Узбекістан? Яшчэ менш шанцаў. Узбекістан вельмі паслядоўны ў пытаннях дзяржаўнай незалежнасці», — сказаў Бжэзінскі.

У 2004 годзе Пуцін назваў распад СССР у 1991 годзе «геапалітычнай катастрофай». На сёння, аднак, толькі каля 15% украінцаў і менш за 10% беларусаў хацелі б аднаўлення СССР, што робіць такую перспектыву немагчымай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?