Пытанне аб выдзяленні Беларусі чацвёртага транша ў памеры 440 млн. долараў фінансавага крэдыту, выдзеленага на стабілізацыю плацежнага балансу, будзе разгледжана 7 снежня ў Мінску на пасяджэнні савета Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) і савета Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС.
Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве ЕАБР у Мінску.

Паводле інфармацыі прадстаўніцтва, на пасяджэнні савета ЕАБР сярод іншых будзе таксама разглядацца пытанне аб выдзяленні ААТ «Беларускі металургічны завод» — кіруючай кампаніі холдынгу «Беларуская металургічная кампанія» інвестыцыйнага крэдыту.

У пасяджэнні возьмуць удзел кіраўніцтва ЕАБР, а таксама міністры фінансаў Расіі і Беларусі.

У канцы лістапада міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў адзначыў, што, паводле ацэнак Мінфіна РФ, не ўсе паказчыкі па праграме, якая з’яўляецца ўмовай выдачы расійскага крэдыту, Беларуссю выконваюцца. «Мы павінны ўдакладніць яшчэ ход выканання гэтых параметраў і па выніках прыняць рашэнне, яно будзе прынятае ў пачатку снежня», — сказаў расійскі міністр.

Раней старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова адзначала цяжкасці ў перамовах з АКФ ЕўрАзЭС.
«Канешне, гэта няпростыя перамовы, на жаль. Хацелася б, каб яны нас зразумелі, і мы спадзяёмся, што яны нас зразумеюць. Ну, а не зразумеюць — будзем спраўляцца самі», — заявіла кіраўнік Нацбанка 18 кастрычніка.

Прычына цяжкасцей, патлумачыла Ермакова, у тым, што патрабаванні з боку фонду становяцца больш жорсткімі. «Мы спадзяёмся, што атрымаем ад Антыкрызіснага фонду тую суму, якая была прапісана па першапачатковай праграме. Але праграма становіцца больш жорсткай, становяцца больш жорсткімі патрабаванні, якія мы павінны выканаць», — сказала яна.

Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС, па выдзяленні крэдыту на 3 млрд. долараў шасцю траншамі падпісана 9 чэрвеня 2011 года.
Першы транш на 800 млн. долараў быў пералічаны ў Беларусь 21 чэрвеня 2011 года, яшчэ 440 млн. долараў — у снежні 2011-га.

У 2012 годзе Беларусь павінна атрымаць два траншы па 440 млн. долараў кожны. Трэці транш быў атрыманы ў чэрвені і залічаны ў золатавалютныя рэзервы краіны. У чэрвені намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак выказаў меркаванне, што Беларусь мае ўсе шансы да канца года атрымаць чацвёрты транш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?