Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» афіцыйна абвясціў пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Гэта адбылося 16 верасня а 8.30 у «Паціа Піцы».

Відэа Алеся Кудрыцкага.

«Я прыняў рашэнне браць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Прыняў рашэнне ўдзельнічаць, каб перамагчы і стаць прэзідэнтам»,
— пачаў сустрэчу з журналістамі лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Ён гаварыў па-беларуску, у тым ліку і з расійскімі журналістамі.

Ён агледзеў памяшканне і папрасіў фотаапарат. «Я вас сфатаграфую зараз, а калі стану прэзідэнтам, то тыя з вас, хто мае словы пра перамогу і прэзідэнцтва сустрэў без аптымізму. у мой журналісцкі пул не трапяць», — пажартаваў Някляеў.

Забягаючы наперад, можна супакоіць чытачоў, што кандыдат павіншаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў з 15-годдзем і перадаў яе старшыні Жане Літвіной букет кветак. «Каб не было незалежнай прэсы, не было б і нашай кампаніі», — падкрэсліў паэт.

Сустрэча з журналістамі была абстаўленая, як бізнес-сняданак. На сталах прадстаўнікоў прэсы чакаў праект праграмы Някляева на 2011-2015 гг, выкананы ў выглядзе палітычнага меню. Чаму паэт пайшоў у палітыку?

Някляеў працытаваў словы Кастуся Каліноўскага з першага нумара «Мужыцкай праўды». «Што змянілася з тых часоў? Сутнасна — нічога»,
— канстатаваў паэт і заявіў, што краіну трэба мяняць, мяняць сістэму, выводзіць Беларусь на цывілізаваныя рэйкі. Таму і была створаная кампанія «Гавары праўду». Як гэта зрабіць? «Асноўнай стравай» праграмы Някляева ідзе палітычная і канстытуцыйная рэформа.
Някляеў абяцае пераход да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання. «Хоць я ад пачатку быў выключна за парламенцкую форму».
Ён прыгадаў словы кіраўніка Расіі Дзмітрыя Мядзведзева пра парламенцкую форму кіравання, якую той акрэсліў, як непрымальную для Расіі. Някляеў падкрэсліў, што ў беларусаў ёсць досвед парламентарызму, ён захаваўся, і яго трэба развіваць.
Лозунгам сваёй кампаніі Някляеў абраў словы «Я прыйшоў, каб вы перамаглі».
Гэтыя словы былі ўключаныя ў новы верш паэта, у якім беларусы — снапы на чужым току, якія хто хоча, той і малоціць. Ён прыйшоў, каб зламаць гэты злы рок. «Бог на небе, праўда на зямлі», — дэкламаваў паэт.
«Мы ўсе кажам, што любім Беларусь. Няма падставаў не верыць, што Лукашэнка ды яго атачэнне яе не любяць. Розніца ў тым, ці баліць у іх сэрца за нашу мову, культуру. Вось у мяне баліць. Неймаверна баліць»,
— прызнаўся Някляеў.

Новае стагоддзе, па словах паэта, не зняла праблемы выклікаў мове і незалежнасці малых краінаў. Беларусь — не такая ўжо і малая краіна, кажа Някляеў, але тыя выклікі ёсць і ў яе. Каб выжыць духоўна, трэба выжыць фізічна, упэўнены ён. Паэт працытаваў вынікі перапісу і акцэнтаваў увагу на скарачэнні насельніцтва. «Нас стала на паўмільёна менш. Гэта вялікі абласны горад». Ён адзначыў, што лукашэнкаўская Беларусь — не сацыяльная, а сацыялістычная дзяржава. У нас ідзе пераразмеркаванне багаццяў. Трэба мяняць сістэму, скіроўваць краіну на цывілізаваны шлях.

Галоўнай задачай Някляеў бачыць тое, каб зрабіць абсалютна немагчымым вяртанне сённяшняй сістэмы ў будучыні.

Ці можа апазіцыйны кандыдат у адзіночку перамагчы Лукашэнку? Можа, упэўнены Някляеў. У любым выпадку, ён не будзе адзін. Бо на стадыі збору подпісаў стане ясна, хто здольны працягваць кампанію, а хто не. У гэты момант найбольш здольны атрымае падтрымку тых, хто з дыстанцыі сыдзе.

«Добра, што яны сабраліся разам», — кажа паэт пра сустрэчу чатырох імаверных кандыдатаў у Берштах. Ён упэўнены — гэты ды іншыя прыклады сведчаць, што апазіцыя ўсё яшчэ мае шанец аб’яднацца.
Калі маеш унікальны шанец, то мусіш узняцца над уласнымі амбіцыямі. Ён прыгадаў, што некалі і ў літаратуру ўварваўся, як сёння ў палітыку. «Я разумею нашых палітыкаў. Усе яны насамрэч змагаліся ўсе гэтыя гады. А тут прыйшоў нейкі паэт і адразу да іх». Паэт патлумачыў, што крыўды на яго трымаюць за тое, што нібыта ў ягоную кампанію перацякло шмат партыйных актывістаў. «Дзе ж мне браць тых людзей? Я ж іх не ў партыю клічу. Мы адразу заявілі пра сябе, як пра грамадзянскую платформу, далучыцца да якой можа любы ахвочы». Ён дадаў, што ў камандзе ёсць і прадстаўнікі ўлады. «Я не з тых палітыкаў, што з прыходам да ўлады каменя на камні не пакідаюць ад старой адміністрацыі».
Рэцэпт перамогі ад Някляева стары, як свет – прыйшоў, убачыў, перамог.
П яго словах, калі ўлады створаць усе неабходныя ўмовы для свабодных і празрыстых выбараў, ён не выйдзе на плошчу. Калі гэтага не будзе, то плошча з’явіцца сама сабой. Ён перакананы, што Беларусі не пасуе сілавое вырашэнне супрацьстаяння ўладаў і апазіцыі. Пры гэтым паэт прызнаў, што дэклараваны прынцып роўнасці ўсіх кандыдатаў не спрацоўвае ўжо цяпер. Сёння ж павінна адбыцца фармаванне ініцыятыўнай групы. Някляеўцы так і не здолелі адшукаць адпаведнага памяшкання апроч сядзібы БНФ у Мінску.

Паэт прызнаўся, што стаміўся адбівацца ад абвінавачванняў у прарасійскай дзейнасці.

«Я быў і ёсць беларускім паэтам, я беларускі кандыдат і я стану беларускім прэзідэнтам», — адчаканіў Някляеў.
Сустрэчу ён вёў выключна па-беларуску, нават на пытанні расійскіх тэлеканалаў адказваў на беларускай мове. На ёй надрукаваны і праект яго праграмы. «Сёння дзень Салідарнасці. Дык будзем салідарнымі!» — такімі словамі скончыў Някляеў афіцыйную частку сустрэчы.

Глядзі яшчэ:
Някляеў пачаў фармаванне ініцыятыўнай групы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?