Кандыдаты ў КР. Фота: «Белсат», скрын відэа «ОУ», тэлеграм-канал Латушкі

Кандыдаты ў КР. Фота: «Белсат», скрын відэа «ОУ», тэлеграм-канал Латушкі

Цалкам 12 спісаў апублікаваны тут

Як збіралася каманда Латушкі

У Паўла Латушкі атрымаўся самы вялікі спіс — 46 чалавек. 

«Мы разам з Юрыем Губарэвічам у камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з 2020 года. І таму лагічна, што наша кааліцыя была створана менавіта з членаў НАУ разам з рухам «За Свабоду», які ўзначальваюць Юрый Губарэвіч і Алесь Міхалевіч. Мы супрацоўнічаем ужо даўно і даволі эфектыўна з асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі». Яе прадстаўнікі таксама сталі лагічнымі кааліцыянтамі», — тлумачыць Латушка.

Павел Латушка з дачкой Янай, якая таксама балатуецца ў яго камандзе. Фота: тэлеграм-канал Латушкі

Павел Латушка з дачкой Янай, якая таксама балатуецца ў яго камандзе. Фота: тэлеграм-канал Латушкі

Калі паплечнікі па НАУ і купалаўцы (Ігар Сігоў, Алег Гарбуз) у спісе зразумелыя, то некаторыя асобы нечаканыя. Напрыклад, блогер Арцём Шапараў і рэжысёр Андрэй Курэйчык.

«З Андрэем Курэйчыкам я знаёмы яшчэ з часоў, калі быў міністрам культуры. Мы разам увайшлі ў склад першай Каардынацыйнай рады.

Я ведаю яго крытычнае стаўленне да другога складу КР. Ён якраз-такі выступае таксама за барацьбу. Тым больш, наколькі я ведаю, яго аўдыторыя прагаласавала за тое, што падтрымае спіс, які я ініцыяваў. Таму цалкам лагічна, што ён у нашым спісе», — кажа Латушка.

З Шапаравым, дадае ён, яны таксама супрацоўнічалі раней. 

Назіральнікі тлумачаць, чаму ў Латушкі такі вялікі спіс. 

«Зразумела, Пал Палыч хоча мець большасць у КР (агулам гэта 80 чалавек). У выпадку калі Пал Палыч набірае больш за 50% галасоў, трэба, каб у яго было дастаткова людзей, якімі ён можа напоўніць гэту сваю большасць».

«Для Латушкі важна было зрабіць як можна больш шырокі спіс, каб паказаць сілу, падняць свой статус. Хутчэй за ўсё, ён запрашаў усіх, з кім у кантакце. Відавочна, што ўвесь спіс трымаецца на моцнай фігуры Латушкі, але не факт, што ўсе людзі, якія запісаліся, плануюць працаваць у Каардынацыйнай радзе. І тым больш цяжка ўявіць, што нават унутры спісу яны змогуць дамовіцца», — дзеліцца іншы чалавек. 

Што аб'яднала Ягорава і Пракоп’ева

Андрэй Ягораў (цяперашні спікер КР) ганарыцца, што ў іх камандзе беларусы з 15 краін: «Гэта зрэз паспяховай, крэатыўнай і магутнай дыяспары беларусаў: ад добраахвотнікаў да экспертаў у галіне здароўя і адукацыі, ад спецыялістаў па кібербяспецы і юрыстаў да двухразовай чэмпіёнкі свету. Гэта ўжо тое, да чаго мы імкнемся, але пакуль у мініяцюры. А імкнемся мы пабудаваць уплывовую беларускую дыяспару, як гэта ўдалося зрабіць, напрыклад, армянам ці яўрэям». 

«Мінулыя чатыры гады паказалі, што без зменаў у стратэгіі і падыходах беларусы як унутры краіны, так і за яе межамі будуць станавіцца больш уразлівымі, нягледзячы на шматлікія сустрэчы з замежнымі палітыкамі і лісты ў міжнародныя інстанцыі», — дадае ён. 

Чаму яны сышліся з Вадзімам Пракоп’евым? Падаецца, гэта вельмі розныя людзі.

Вадзім Пракоп'еў у мерчы да выбараў у КР. Скрын эфіру «Обычного утра»

Вадзім Пракоп'еў у мерчы да выбараў у КР. Скрын эфіру «Обычного утра»

«Таму што, нягледзячы на розны бэкграўнд, бачым гульню аднолькава, — тлумачыць Пракоп’еў. — Бачым, што суб'екта няма. Вокны магчымасцяў праспім.

Ягораў такі ж пасіянарый, але калі я інтуітыўны і вынаходлівы, то ён інтэлектуальна і метадалагічна моцны. Школа Мацкевіча. Дапаўняем адзін аднаго. Perfect combination».

«Яны вельмі розныя, і дзіўна было іх бачыць на супольных відэа, — разважае адзін з назіральнікаў. — Пракоп’еў мае імя і пазнавальнасць, а Ягораў мае людзей і сетку НДА. Імя Пракоп’ева дазваляе Ягораву правесці больш людзей у Каардынацыйную раду, што дазволіць захаваць уплыў і нейкі кантроль над КР». 

«У іх паміж сабой нядрэнная камунікацыя. Вадзім любіць разумных людзей, а Андрэй — харызматычных. І Ягораву атрымалася ўгаварыць Пракоп'ева, бо той пачаткова не хацеў ісці на гэтыя выбары. Ягораў прыносіць людзей, дапамагае са стратэгіяй, а Пракоп'еў па плане дапамагае з бачнасцю»,

— прагучала яшчэ адно меркаванне.

Спіс за Ціханоўскую?

У камандзе Аляксандра Дабравольскага частка людзей — са структур Ціханоўскай (Аліна Коўшык, Станіслава Гліннік).

Аляксандр Дабравольскі. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Дабравольскі. Фота: «Наша Ніва»

Запрасілі таксама рэжысёра Мікалая Халезіна.

«Гэта была наша ініцыятыва. Халезін — асоба, якая занятая рознымі крэатыўнымі справамі па прасоўванні беларускай культуры, дзеяч еўрапейскага ўзроўню», — тлумачыць Дабравольскі.

Ён кажа, што іх аб’ядноўвае не асоба Ціханоўскай, а ідэя — прывесці Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў.

«Нам часам прапаноўваюць пачаць з нуля людзі, якія не ўдзельнічалі ў працы. Мы лічым, што гэта марнатраўства і неразуменне.

Беларускае грамадства яшчэ не падрыхтаванае, каб гэта прыняць, але палітычнае лідарства — гэта прапанова перспектывы і альтэрнатывы, а не толькі пытанне «чаго вашай ласцы?». І часам ты прапануеш альтэрнатыву, да якой не гатовы».

Назіральнікі ж трактуюць сітуацыю крыху інакш.

«Хутчэй за ўсё, гэты спіс будзе адстойваць пазіцыі Ціханоўскай і ўраўнаважваць гарачых і амбітных Латушку і Пракоп’ева», — лічыць адзін з апытаных.

«Спіс фармаваўся ў апошні момант і даволі хаатычна. Калі Франак [Вячорка] зразумеў, што ўсе спісы, якія ідуць, патэнцыйна могуць быць у апазіцыі да Святланы Ціханоўскай ці ставяцца крытычна да Франака асабіста, то пачалося тэрміновае складанне спісу ў падтрымку Офіса-Кабінета»,

— дзеліцца адзін з суразмоўцаў.

Як Азараў паклікаў Ціманоўскую

У спісе Аляксандра Азарава ёсць публічныя і непублічныя людзі з «Байпола», былыя вайскоўцы і палітвязні. А як там аказалася бягуха Крысціна Ціманоўская?

«Мы проста асабіста знаёмыя. Я дапамог ёй па асабістым пытанні», — кажа Азараў.

Ціманоўскую (як і астатніх у спісе) ён запрасіў асабіста.

Аляксандр Азараў. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Азараў. Фота: «Наша Ніва»

«За некалькі дзён да канца фармавання спісаў толькі даведаўся, што можна не 10 чалавек, а больш. І ўсе збіраюць больш», — Азараў расказвае, як у спешцы шукаў людзей.

«Мы правяралі кожнага, каб людзі былі дастойныя», — Азараў удакладняе, што правяралі без паліграфа.

Ён скардзіцца: былі выпадкі, што людзям з яго спісу тэлефанавалі і ўгаворвалі адпісацца. «Не буду называць хто».

Праграма Азарава звязана з правапарадкам, у ёй, напрыклад, — стварыць закон аб люстрацыі.

Чаму ў Турарбекавай свая каманда

Роза Турарбекава кажа, што ў аснове яе каманды — паплечнікі па фракцыі «Наша справа», якая раней была ў КР. А таксама далучыліся два парамедыкі, якія былі ва Украіне (адна з іх — Настасся Махамет).

Роза Турарбекава. Фота: «Белсат»

Роза Турарбекава. Фота: «Белсат»

«Нашы прынцыпы і мэты супадаюць яшчэ таму, што Настасся Махамет, Аляксандр Паршанкоў і я прымалі ўдзел у стварэнні ячэек незалежных прафсаюзаў у БДУ і медуніверсітэце», — дзеліцца Роза.

Парамедыкі ў камандзе хочуць стварыць інстытут дапамогі для добраахвотнікаў, якія дэмабілізаваліся.

Каманда збольшага аб’ядноўвае выкладчыкаў і магістрантаў. З палітычных дзеячаў там Віталь Рымашэўскі. Турарбекава тлумачыць, чаму з ім аб’ядналіся.

«Ведаю яго дастаткова даўно, да 2020 года перасякаліся на розных дыялогавых пляцоўках. Вельмі дапамог, калі я вымушана была бегчы з Беларусі з сям’ёй. Віталь дапамог таксама стварыць Беларускую асацыяцыю адукацыі і навукі, якая зарэгістравана ў Літве».

Чаму Роза ідзе асобнай камандай? Яна кажа, што так склалася ад пачатку, у яе свае прынцыпы.

«Мне рабіліся прапановы, але не стану агучваць спіс».

Роза дадае, што пасля таго, як на сяброў КР сталі заводзіць завочныя крымінальныя справы і ціснуць на сваякоў у Беларусі, ахвотных ісці ў КР стала меней.

«Турарбекава — самастойная фігура. Яна часта з’яўляецца ў прэсе, не мае за сабой негатыўнага шлейфу,

— тлумачыць адзін з нашых суразмоўцаў. — Дзіўна было з ёй у спісе пабачыць Віталя Рымашэўскага. Калі Турарбекава канструктыўная, то Рымашэўскі пастаянна шукае канфлікты».

Каманда блогераў, каліновец «Кусь» і Маркелаў 

Блогер Аляксандр Кабанаў дзеліцца, што ў іх блогерскай тусоўцы спачатку абмяркоўвалася, ці ўдзельнічаць наогул. І пакуль гэтае абмеркаванне ішло, некаторыя далучыліся да іншых каманд (напрыклад, Арцём Шапараў і Сяргей Бяспалаў).

Аляксандр Кабанаў. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Кабанаў. Фота: «Наша Ніва»

Кабанаў абіраў, каго запрасіць у каманду, а паралельна да тых жа людзей прыглядаўся каліновец Вадзім Кабанчук. Таму яны вырашылі аб’яднаць спісы. Але сам Кабанчук у выніку не можа ўдзельнічаць (такія правілы ў Палку Каліноўскага), замест яго будзе былы добраахвотнік Аляксандр Клачко («Кусь»).

Быў варыянт аб’яднацца з людзьмі ў камандзе блогера Максіма Шабуцкага, але некаторых кандыдатур адтуль Кабанаў не хацеў бачыць у сябе.

Блогер Сяргей Пятрухін, які раней крытыкаваў КР як непатрэбную структуру, таксама абіраецца.

«Я яму патлумачыў, чым там можна займацца, — кажа Кабанаў. — Але ён лічыць, што без вайсковай сілы перамены малаімаверныя, ён супраць перамоў з рэжымам.

Чаму ў спісе Пятро Маркелаў? Гэта Кабанчук запрашаў».

Агулам Кабанаў крытыкуе сістэму спісаў і называе гэта махлярствам. Лічыць, што за гэтыя спісы і квоты выступалі тыя, хто разумеў, што персанальна за іх ніхто не прагаласуе.

«Некаторыя ўжо паказалі, што ў КР нічым не займаліся. Беларускія чыноўнікі — толькі з адваротнага боку».

Чытайце таксама:

Да выбараў у КР у камандзе Пракоп'ева-Ягорава распрацавалі цэлы фірмовы гардэроб — як вам?

Навошта былы вядучы АНТ Іван Падрэз далучыўся да блогеркі Мартынавай і ідзе ў Кардынацыйную раду?

Магілёўская каардынатарка Статкевіча стукала на Пальчыса. А цяпер лезе ў Каардынацыйную раду

Кандыдата ў Каардынацыйную раду ад «Народнай Грамады» выкінулі са спісу, бо ён даносчык. Стукаў на Аўтуховіча

Клас
16
Панылы сорам
10
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
5