Такая казачная Славенія! Дзеля чаго турысты едуць у гэтую маленькую краіну ФОТЫ 4

Аўтар: Браніслаў Юрэвіч, фота Shutterstock

На возеры Блэд абавязкова вазьміце човен, каб на ім даплыць да царквы Узнясення Дзевы Марыі на чароўным безназоўным астраўку. На адным беразе возера ўзвышаецца старажытны замак, першыя згадкі пра які прыкладна супадаюць з часам валадарання Рагвалода на полацкіх землях. На супрацьлеглым відаць колішнюю летнюю рэзідэнцыю югаслаўскага дыктатара Броза Ціта.

Запомніце гэтыя імгненні — вы знаходзіцеся ў бадай самым прыгожым месцы Славеніі!

На возеры Блэд.

Славенія — адна з самых маленькіх краін Еўропы, па плошчы яна апярэджвае толькі карлікаў і Чарнагорыю. Тым не менш менавіта славенцы жывуць багацей за ўсіх былых таварышаў па камуністычным лагеры. Сярэдні заробак — амаль 1800 еўра.

Тут ёсць усё, што захочацца ўбачыць у адпачынку: горы, лясы, мілыя гарадкі і нават трошкі мора — выбірай на свой густ.

Як дабрацца?

На сваёй машыне

Калі задацца мэтай, можна ранкам выехаць з Беларусі і познім вечарам ужо трапіць у Славенію — паміж краінамі трохі больш за 1000 кіламетраў. Але ад такога марафону за стырном мала хто атрымае асалоду. Лепш зладзіць хоць адну начоўку па дарозе.

У Славеніі ёсць платныя дарогі. Каб скарыстацца імі, не забудзьце набыць дазвол на запраўцы на ўездзе ў краіну. Віньетка, якую трэба наляпіць на лабавое шкло, каштуе 15 еўра на тыдзень.

Турыстычным аўтобусам

Некаторыя беларускія турфірмы прапануюць адпачынак на моры ў Славеніі. Па дарозе ўдасца паглядзець яшчэ і суседнія краіны — Венгрыю, Аўстрыю.

Лаўкостамі

Прамых пералётаў паміж Беларуссю і Славеніяй няма. Выйсце — ляцець з Вільні ці Варшавы ў італьянскі гарадок Трэвіза каля Венецыі. Нават улетку часцяком можна знайсці квіткі па 15-20 еўра ў адзін бок, праўда, без багажа. Пасля ў аэрапорце браць у пракат машыну і ехаць у Славенію — да мяжы ўсяго 120 кіламетраў. У такім разе не забудзьцеся пра раней згаданую віньетку.

Калі няма правоў, сядайце ў Венецыі на аўтобус. Квіток на Flixbus да Любляны будзе каштаваць ад 12-15 еўра.

Пакетны тур

Каб не пераймацца даездамі да Вільні ды Варшавы і сутаргава не падлічваць кілаграмы ў заплечніку, ёсць варыянт і з вылетам з Мінска.

Тураператар «Аэратрэвел» арганізуе чартарны рэйс з Мінска ў Трыест. Гэта італьянскі горад, з якога менш за гадзіну ехаць да славенскага Партарожа. Зрэшты, на тым жа рэйсе ляцяць і тыя, хто збіраюцца адпачываць у Харватыі. Тут усё блізка.

Што паглядзець?

Шкацянская пячора альбо Пастойнская пячора

Адлегласць паміж гэтымі пячорамі — 20 км. Яны вельмі розныя, праўда, далёка не ў кожнага хапае часу наведаць абедзве. Але хаця б у адну з іх абавязкова завітайце. У чым перавагі кожнай з іх?

Многія абіраюць Шкацянскую пячору за яе дзікаватасць. Гіганцкія карставыя правалы — вышынёй ажно з 50-павярховік — не заўжды асветленыя, не паўсюль ёсць нават лесвіцы. Тут жа ёсць і гіганцкі падземны грот, адзін з самых вялікіх у Еўропе. Уваход у пячору для аднаго дарослага каштуе 16-20 еўра ў залежнасці ад сезона.

Пастойнская пячора.

Пастойнская пячора — больш «цывілізаваны» варыянт. Пячора такая вялікая, што турыстаў па ёй возяць на чыгунцы. Тут ёсць нават свая канцэртная зала, у якой перыядычна даюць канцэрты. Не забывайце і пра «чалавечую рыбку» — у пячоры жывуць 30-сантыметровыя амфібіі колеру чалавечай скуры. Квіток у Пастойнскую пячору каштуе 26-28 еўра.

Яшчэ адзін бонус: побач знаходзіцца ўбудаваны ў скалу Прэд’ямскі замак (каб наведаць яшчэ і яго, даплаціце 10 еўра). Яго гаспадары маглі пратрымацца ў аблозе больш за год, працягваючы баляваць, бо сістэма падземных хадоў дазваляла незаўважна выбірацца з адваротнага боку скалы.

Прэд’ямскі замак.

Возера Блэд альбо возера Бохінь

Трэба пакінуць выбар і ў воднай намінацыі. Паміж азёрамі — тыя ж 30 кіламетраў.

Возера Блэд, на якім лічыць неабходным адзначыцца кожны турыст, можна лічыць сімвалам масавага адпачынку. На беразе знаходзіцца мясцовы райцэнтр, дзе можна знайсці жыллё на любы бюджэт.

А вось да Бохіньскага возера дабіраецца мала хто. Побач — толькі некалькі вёсак і амаль ніякіх слядоў урбанізацыі. А фотаздымкі не менш эфектныя. Адсюль зручна пачынаць падарожжа па Трыглаўскім нацыянальным парку з яго гарамі, лясамі і вадаспадамі. Канатная дарога ля самога возера ўздымае турыстаў аж да нябёсаў. Ці прынамсі да гарналыжнага курорта.

Бохіньскае возера.

Любляна

У сталіцы Славеніі жыве менш людзей, чым у любым з беларускіх абласных цэнтраў. У прынцыпе, каб агледзець горад, хопіць аднаго дня.

Любляна адрозніваецца ад іншых сярэднееўрапейскіх гарадоў. У канцы 19 стагоддзя тут адбыўся землятрус магутнасцю да 9 балаў, і шмат што давялося забудоўваць з нуля ў адпаведнасці з тагачаснымі трэндамі.

Любляна.

Самая шматлюдная плошча — каля Трымосця. Тут адзін за адным ляжаць тры невялічкія масты, а натоўп турыстаў спрабуе зрабіць унікальнае сэлфі.

Праз два кварталы ніжэй па рацэ яшчэ адно папулярнае месца — мост Дракона. Зрэшты, драконы суправаджаюць кожнага госця Любляны і сустракаюцца ў старым горадзе паўсюдна. Міфічная істота ёсць і на гербе сталіцы.

Пабадзяўшыся па гарадскіх вулачках, нарэшце забярыцеся на крэпасць на гары — Люблянскі град. Замак шматкроць дабудоўваўся і перабудоўваўся, але які-ніякі сярэднявечны антураж у ім захаваўся. Можна падняцца пешшу, а можна і на фунікулёры (2,2 еўра ў адзін бок, 4 еўра ў два бакі). За ўваход у крэпасць трэба заплаціць яшчэ 7,5 еўра. Але калі эканоміць па поўнай, то палюбавацца прыгожым відам на горад можна і без квітка. Ды і каб расслабіцца на крэслах-качалках, расстаўленых на траве каля замка, таксама плаціць не трэба.

Марыбор

Цікавы факт: наша «Барысаў-Арэна» — дакладная копія стадыёна ў Марыборы.

Але галоўнае, чым ганарацца жыхары другога па велічыні горада Славеніі, — найстарэйшым у свеце пладаносным вінаграднікам. Вінаград-рэкардсмен расце каля аднаго з дамоў на набярэжнай і забяспечвае гаспадарам няспынную плынь турыстаў.

Марыбор.

Што рабіць яшчэ? Пасядзіце ў кафэ на цэнтральнай плошчы, зайдзіце ў пару цэнтральных цэркваў і ў ратушу. А вось Марыборскі замак, па шчырасці, зусім на аматара. Прыгожая вежа — ёсць, замка — не відаць.

Па старажытную цытадэль варта ехаць у Цэле — гэта акурат па дарозе паміж Люблянай і Марыборам.

Маленькія гарадкі Славеніі не менш прыгожыя. Паглядзіце на мілы Птуй, які знаходзіцца побач з харвацкай мяжой.

Птуй.

Дзе паплаваць?

На захадзе Славеніі знаходзіцца 30-кіламетровая паласа ўзбярэжжа. Нават калі плаваць яшчэ не сезон, сюды варта заехаць, бо архітэктура гэтай часткі краіны моцна адрозніваецца. Тут шмат стагоддзяў панавала Венецыянская рэспубліка, якая пакінула свой адбітак на жыцці гарадоў.

Не дзіва, што ў найбуйнейшым з прыбярэжных гарадоў, Коперы, італьянская мова мае тыя ж правы, што і славенская. Але купацца ў Коперы — так сабе асалода, бо побач знаходзіцца адзіны ў краіне порт.

У суседніх Піране і Ізоле іншая асаблівасць. Турысты тут загараюць фактычна на бетонных платформах, а пасля па лесвіцах спускаюцца ў ваду. Гэта і ёсць тыповы пляж. Толькі ў рэдкіх выпадках можна знайсці месца на гальцы.

Амаль усе месцы — муніцыпальныя. Але за ляжак і парасон трэба будзе плаціць каля 3-5 еўра за дзень. А вось тыя, хто купляюць пакетны тур, звычайна загараюць бясплатна.

Для пляжнага адпачынку лепш абраць Партарож — той самы, дакуль «Аэратрэвел» арганізуе чартарныя рэйсы з трансферам. Тут ёсць насыпны пясчаны пляж — дзіва для гэтай часткі Адрыятыкі.

Партарож.

Гэты гарадок на мяжы з Харватыяй — самы вядомы курорт Славенскай Рыв'еры. Тут знаходзіцца мноства чатырох- і пяцізоркавых гатэляў, пражыванне ў якіх тым не менш істотна танней, чым у суседняй Італіі. Пры гатэлях знаходзяцца тэрмальныя комплексы, басейны з марской вадой і іншыя забавы накшталт солевай ці гразевай ваннаў.

Яшчэ адна адметнасць Партарожа — адзіны міжземнаморны цэнтр тайскай медыцыны.

Партарож.

Ну а калі пляжны адпачынак надакучыць, можна адправіцца на экскурсію ў згаданую раней Любляну ці харвацкую Рыеку. Да іх усяго каля 100 кіламетраў.

 

Сярод славутасцяў Славеніі ў спіс сусветнай спадчыны патрапілі тры аб’екты. Гэта згаданая раней Шкацянская пячора, шахцёрскі гарадок Ідрыя, дзе здаўна здабываюць ртуць, а таксама дагістарычныя палевыя паселішчы ў Альпах. Натуральна, такія паселішчы не захаваліся, але каля месцазнаходжання аднаго з іх знайшлі драўлянае кола. Аналіз выявіў, што яму больш за 5000 гадоў. Славенія з гонарам абвясціла, што гэта самае старажытнае драўлянае кола ў свеце — шах і мат! Цяпер яно выстаўленае ў Люблянскім гарадскім музеі.

Што паесці?

Славенія атрымала суверэнітэт у 1991 годзе, пасля распаду Югаславіі. Папярэдні раз народы, якія засяляюць тэрыторыі Славеніі, мелі незалежнасць у дзявятым стагоддзі. Увесь наступны час яны жылі то пад нямецкімі феадаламі, то ў складзе Аўстра-Венгрыі, а пасля яшчэ і часткова ў складзе Італіі.

Таму і ўнікальную славенскую кухню знайсці складана — звычайна гэта штосьці агульнае з суседзямі. Тым не менш прапануем пяць страў, якія часцяком ёсць у меню мясцовых кафэ і рэстаранаў.

Краньская каўбаса

Гэта звычайная паўвэнджаная каўбаска. Свіны фарш набіваецца ў кішкі і адварваецца. Выглядае проста, але за гэту страву славенцы вядуць бой з Германіяй, Аўстрыяй і Харватыяй. І пакуль перамагаюць.

Ідрыйскія жлікрофі

Тыя ж варэнікі, толькі з экзатычнай назвай. Ну і патрэбна іх зляпіць у форме, якая нагадвае вуха.

Славенскі плоў

Страва не надта распаўсюджаная, але адметная. Яе часам прапануюць у прыморскіх гарадках. Славенскі плоў — гэта той, які робіцца з морапрадуктамі. Крабы, мідыі — у талерку ідзе ўсё, што злавілі ў Адрыятыцы.

Чэвапчычы

Баснійцы, македонцы ды іншыя народы Балканаў пакрыўдзяцца, калі гэтую страву аддадуць славенцам. Але можна і не аддаваць, а проста пакаштаваць. Чэвапчычы — абсмажаныя каўбаскі з перакручанай ці дробна рубленай ялавічыны і свініны. Часам іх прапануюць з хлебнай пітай, а часам заліваюць булёнам і падаюць як суп.

Прэкмурская гібаніца

Гібаніца — выпечка, папулярная на ўсіх Балканах. На самым-самым усходзе Славеніі, у Прэкмур’і, да гатавання падыходзяць максімальна адказна і робяць шматслойны торт з макам і арэхамі.

Былі ў Славеніі? Дзяліцеся ўражаннямі!

УНП 190775817

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?