Цёплае надвор’е, як і ўсё добрае, мае адну вядомую і брыдкую якасць — рана ці позна заканчвацца. У першыя марозныя дні асабліва востра стаіць пытанне, што рабіць у вольны час. Калі вы ўжо стаміліся рабіць здымкі першага снегу і ледзяшоў для Instagram, а шпацыраваць па горадзе ўжо халаднавата, прапануем наведаць якую-небудзь кавярню. «Наша Ніва» вам у дапамогу!

Што?

Сёння гаворка пойдзе пра «GURU Coffee Club», што ў Міхайлаўскім завулку. Месца для кавярні вельмі ўдалае: побач шмат універсітэтаў, галоўны стадыён краіны і, канечне, вакзал. Адным словам, гасцей у гэтай кавярні заўжды шмат. Вось і я вырашыў зайсці, паглядзець, пасмакаваць кавы і пачаставацца бясплатным Wi-Fi.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі падыходзіш да «GURU Coffee Club», — дошка, на якой пералічаныя ўсе цікавасці: кававыя кактэйлі, чайныя цырымоніі, кінаспатканні ў нядзелі, выстава графічных работ, take-away і вышэйзгаданы free Wi-Fi. Чаму б не зайсці?

Што ўнутры?

Прынамсі я чакаў чагосьці больш незвычайнага. Нягледзячы на тое, што мастацкая ідэя ў дэкоры прысутнічае, інтэр’ер даволі тыповы для ўстановаў такога кшталту: дошкі з надпісамі, паліцы з кнігамі, светлыя сцены.

Прасякнуцца атмасферай гэтага варыянта кава-шопу можна ў асобнай зале на 6 асоб альбо ў галоўнай зале, дзе ціха суіснуюць астатнія столікі і невялічкая стойка. Месца даволі мала, асабліва калі сесці за столік на дваіх: неўзабаве ўжо здавалася, што я парадніўся з парачкай, якая сядзела за столікам леваруч. Таму маленькая парада: лепш размяшчайцеся на бары або за столікам на чацвярых.

Кава? Цэны?

«GURU Coffee Club» — не тое месца, куды трэба прыходзіць паесці: з ежы тут толькі дэсерты, якія ў сярэднім каштуюць па 25 тыс. за кавалачак. GURU не мае ўласнай кухні, але «Шакаладны торт» і «Вішнёвы Захер», што я замовіў, былі свежыя і даволі смачныя. Што да кавы, якая мае вельмі яскравы водар і смак, то гэта, безумоўна, моцны бок кавярні. Сярэдняя цана кавы — 30–40 тыс. Не скажу, што танна, але даступна.

Навошта ісці?

Па-першае, каб паспрабаваць смачнай кавы. Па-другое, каб прабавіць час у даволі прыемнай абстаноўцы: паглядзець кіно, пагартаць цікавыя нумары часопіса Arche, што ляжыць на паліцах, паўдзельнічаць у чайнай цырымоніі або паглядзець выставу.

Чаму не?

Не ісці, калі чакаеце чагосьці вытанчанага і незвычайнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?