У Мінску затрыманая бандыцкая група, якая выкрадала людзей, вывозіла іх у лес і там катавала, патрабуючы грошай.

Цікава, што прозьвішча аднаго з затрыманых Сонцаў — раней судзімы за забойства жыхар Пухавіцкага раёна. Мабыць, сугучныя яго прозвішча з назвай вядомай расійскай бандыцкай групоўкі і дала яму нахабства фактычна адрадзіць у Беларусі жорсткі бандыцкі рэкет.

Паводле звестак праваахоўных органаў Мінска, Сонцаў разам з двума сваімі змоўшчыкамі 4 студзеня 2011 года з ужываннем гвалту і пад пагрозай прадмета, падобнага на пісталет, выкралі жыхара Мінска, вывезлі яго ў лясны масіў паблізу пасёлка Сосны, дзе пачалі пагрозамі і катаваньнямі вымагаць 1 тысячу даляраў.

Аперацыю па вышуку рэкеціраў правяло Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і пры падтрымцы спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». У дачыненні ўсіх трох рэкеціраў заведзена крымінальная справа па ч. 2, пп. 3,6 і 7 ст.182 Крымінальнага кодэкса Беларусі (выкраданне чалавека, здзейсненае з карыслівых меркаванняў групай асоб з прымяненнем гвалту, небяспечнага для жыцця або здароўя, альбо якое суправаджалася пакутамі або катаванне).

Варта адзначыць, што ў 2011 годзе гэта ўжо другое затрыманне групы бандытаў-вымагальнікаў. Так, у сярэдзіне студзеня ГУБАЗіК МУС затрымаў двух грамадзян Мінска, якія пад пагрозай прымянення гвалту і забойства патрабавалі заключэння дагавора куплі-продажу кватэры коштам 60 тысяч даляраў. Яны ж з ужываннем гвалту патрабавалі ў іншага жыхара Мінска 30 тысяч даляраў. Затрыманым прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 208 Крымінальнага кодэкса Беларусі (вымагальніцтва, здзейсненае арганізаванай групай, альбо з ужываннем гвалту, або пацягнула іншыя цяжкія наступствы, альбо з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?