Родныя старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі ліст, адпраўлены зь сьледчага ізалятару КДБ 16 студзеня, паведамляе сайт ucpb.org.

«Усе ОК. Жывы і здаровы! — піша родным Анатоль Лябедзька. — Маю спадзяваньні, што ў вас таксама ўсё нармальна. Хаця, натуральна, хацелася б пра гэта дазнацца непасрэдна ад вас.

Навін у мяне няшмат. Усе дні, як ксэракопія. Плюс, мінус…»

Сын палітыка Арцём гаворыць, што ліст ад бацькі ў сям’і сустрэлі з аптымізмам:

«Яшчэ зь мінулага году яго ня бачыў адвакат… Аднак цяпер мы дакладна ведаем, што галадоўку ён спыніў, і сур’ёзных праблем з здароўем няма. Прасіў перадаць сшытак і ручку.

Значыць, яго не зламалі, настрой баявы. Напісаў, што вельмі будзе чакаць вестак з дому».

Анатоль Лябедзька быў арыштаваны ў ноч на 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Лідэру АГП выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 (частках 1 і 2) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Абвінавачанымі за нібыта арганізацыю масавых непарадкаў падчас акцыі пратэсту 19 сьнежня праходзіць 31 чалавек, у тым ліку пяць былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Яшчэ больш за два дзясяткі людзей, сярод якіх экс-кандыдаты Рыгор Кастусёў і Дзьмітры Ус, маюць статус падазраваных.

Напярэдадні зьявілася інфармацыя, што сваякі атрымалі першыя лісты ад зьняволеных у КДБ Андрэя Саньнікава і Натальлі Радзінай. Сёньня першы ліст ад Уладзімера Някляева прыйшоў ягонай жонцы Вользе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?