Абвінавачанне ў тым, што Германія дапамагала рыхтаваць дзяржаўны пераварот у Беларусі, абсалютна абсурднае і беспадстаўнае, заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Германіі Андрэас Пешке 17 студзеня ў Берліне.

Як паведамляюць нямецкія СМІ, Пешке зазначыў, што гэтае абвінавачанне вылучыў не «афіцыйны беларускі бок», а «орган беларускай прэсы».

14 і 15 студзеня дзяржаўная газета «Советская Белоруссия» апублікавала першые дзве часткі артыкула «За кулісамі адной змовы», у якой размешчаны перададзеныя па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі «некаторыя рассакрэчаныя дакументы пра падзеі 19 снежня». 15 студзеня гэтыя ж матэрыялы перадрукавалі іншыя дзяржаўныя газеты краіны — «Рэспубліка», «Звязда» і «Народная газета».

«Няма ніякіх сумненняў, што да падзей 19 снежня прыклалі руку найперш спецслужбы Польшчы і Германіі, якія спланавалі і арганізацыйна аформілі ГК ГП (грамадзянская кампанія „Гавары праўду!“, якую ўзначальваў экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. — БелаПАН.), якая паводле плана павінна была стаць „Новай апазіцыйнай сілай“, здольнай змяніць уладу ў краіне», — гаворыцца ў матэрыяле.

«Палігонам для арганізацыйнага фарміравання сілы, здольнай змяніць у Беларусі законную ўладу, стала Польшча. Там былі створаныя спецыяльныя і трэніровачныя лагеры для „актывістаў“, там рыхтаваўся будучы кіруючы клас, там узгадняліся асноўныя знешнепалітычныя рашэнні з прыцягненнем дыпламатычнага корпуса», — падкрэсліваецца ў артыкуле.

Згодна з публікацыяй, спонсарамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» «з’яўляліся прадстаўнікі дзяржаўнай структуры Рэспублікі Польшча (МЗС Польшчы)».

Як паведамляла прэс-служба польскага МЗС, 14 студзеня ў знешнепалітычнае ведамства ў Варшаве быў выкліканы беларускі пасол Віктар Гайсёнак, якому быў выказаны пратэст «у сувязі з абсурднымі сцвярджэннямі ў артыкуле».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?