Адважных абаронцаў правоў чалавека хочуць паставіць на калені.

Як стала вядома «НН», каля 16-ай гадзіны ў офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна» спрабуюць трапіць супрацоўнікі КДБ. Яны збіраюцца правесці там ператрус.

Перад гэтым супрацоўнікі спецслужбаў спрабавалі зноў-жа паўторна трапіць у кватэру кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. Па стане на 16.40 у офісе «Вясны» засталіся кіраўнік Алесь Бяляцкі і праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Яны вырашылі ўпусціць супрацоўнікаў спецслужбаў у памяшканне, бо тыя мелі афіцыйную санкцыю на правядзенне ператрусу.

«Вясна» дапамагла тысячам людзей у Беларусі адстойваць свае правы. Улады забаранілі яе дзейнасць, але праваабаронцы працягнулі яе як прыватныя асобы. Лідар праваабаронцаў Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

У якасці панятых кадэбісты прывялі суседзяў. На прапанову Валянціна Стэфановіча таксама пабыць панятым афіцэр КДБ ветліва адказаў: «Валянцін, вашы паслугі нам не спатрэбяцца», перадае радыё «Свабода».

Ператрус працягваўся да паловы на сёмую гадзіну вечара. У выніку быў забраны адзін ноўтбук, які кдбшнікі здолелі знайсці ў офісе. Як паведаміла «НН» супрацоўніца «Вясны» Наста Лойка, пасля гэтага кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна», Алеся Бяляцкага, супрацоўнікі спецслужбаў павезлі на ягонае лецішча ў Ракаў. Адначасова распачаўся ператрус у кватэры праваабаронцы, дзе знаходзілася яго жонка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?