Кампанія Baltic Beverages Holding AB (ВВН), якая належыць Carlsberg Group, у выніку шэрагу ўгодаў, у тым ліку праз публічную прапанову аб выкупе акцый, павялічыла сваю долю ў статутным фондзе ААТ «Піўзавод «Аліварыя» да 67,8%.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў «Аліварыі».

Нагадаем, летам 2010 года ВВН павялічыла пакет акцый у «Аліварыі» з 30 да 47%.

«Такое сур’ёзнае павелічэнне пакета акцый у статутным фондзе аднаго з вядучых піваварных прадпрыемстваў Беларусі з’яўляецца лагічным крокам у рэалізацыі стратэгіі Carlsberg Group, скіраванай на ўмацаванне пазіцый у рэгіёне Усходняя Еўропа, — адзначылі на прадпрыемстве. — Гэта пагадненне дазваляе ААТ «Піўзавод „Аліварыя“ стаць паўнапраўнай часткай групы і атрымаць доступ да міжнароднага вопыту ў галіне продажу і маркетынгу, а таксама да перадавых тэхналогій піваварства».

Набываючы кантрольны пакет акцый ААТ «Піўзавод «Аліварыя», група кампаній Carlsberg тым самым пацвярджае свае намеры і ў далейшым умацоўваць і развіваць прысутнасць у Беларусі і ва Усходняй Еўропе, заявіў старшы віцэ-прэзідэнт Carlsberg Group па Усходняй Еўропе Антон Арцем’еў. «Мы лічым беларускі рынак піва вельмі перспектыўным і плануем актыўна развіваць бізнес „Аліварыі“ разам з нашым стратэгічным партнёрам у Беларусі — Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). З пазіцыі Carlsberg гэта азначае аб’яднанне нашага міжнароднага вопыту і ведання мясцовага рынку і разумення беларускіх спажыўцоў», — адзначыў ён.

«Мы плануем і далей развіваць нашы пазіцыі на рынку і выпускаць паспяховыя навінкі, выкарыстоўваючы ноу-хау Carlsberg Group, для задавальнення патрабавальных запытаў беларускіх спажыўцоў. Акрамя таго, перад тымі нашымі супрацоўнікамі, хто імкнецца будаваць міжнародную кар’еру, адкрыецца шмат новых магчымасцяў», — сказаў генеральны дырэктар ААТ «Піўзавод «Аліварыя» Міхаіл Чэчанеў.

Carlsberg Group — адна з піваварных груп, якія лідзіруюць у свеце, валодае шырокім партфелем брэндаў піва і іншых напояў. Флагманскі брэнд кампаніі — Carlsberg — з’яўляецца адным з найбольш вядомых піўных брэндаў у свеце. «Балтыка», Carlsberg і Tuborg уваходзяць у шэсць найбуйнейшых брэндаў Еўропы. У Carlsberg Group працуе больш за 43 тыс. чалавек, а яе прадукты прадаюцца больш як на 150 рынках.

Піўзавод «Аліварыя» вырабляе 15 гатункаў піва пад маркамі «Аліварыя», «Бровар», «Дата 1864». Завод заснаваны ў 1864 годзе. Колькасць супрацоўнікаў — 475. «Аліварыя» займае трэцяе месца на піўным рынку Беларусі. Другім пасля Carlsberg Group буйным акцыянерам ААТ «Піўзавод «Аліварыя» з’яўляецца ЕБРР (21% акцый). Астатнія акцыі належаць фізічным асобам.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?