У Маскве працягваюцца перамовы адносна паставак расейскай нафты ў Беларусь у 2011 годзе. Тым часам сыравіна на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы не паступае.

Як паведамілі Агенцтву нафтавай інфармацыі ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі, у сувязі са зьменай рэжыму спагнаньня пошлінаў, уносяцца адпаведныя карэктывы ў кантракты. Цяпер перамовы вядуцца выключна паміж гаспадарчымі суб’ектамі.

У нафтавай кампаніі «Роснефть», у сваю чаргу, пацьвердзілі, што пастаўкі нафты на беларускія НПЗ не ажыцьцяўляюцца, паколькі кампанія знаходзіцца ў стадыі перамоваў зь беларускімі партнэрамі адносна ўмоваў продажу нафты і яе перапрацоўкі. У кампаніі «ЛУКОЙЛ» таксама сказалі, што ад пачатку студзеня паставак у Беларусь не было.

Як паведамляе «Інтэрфакс», абодва НПЗ Беларусі працуюць на рэсурсах, якія паступаюць у рамках сьнежаньскіх кантрактаў. Паводле разьлікаў канцэрну «Белнафтахім», гэтых запасаў, уключна з вэнэсуэльскай нафтай, хопіць на 20 дзён 100-працэнтнай загрузкі. Але экспэрты прагназуюць, што з улікам традыцыйна складаных перамоваў з Расеяй нафтаперапрацоўчыя заводы неўзабаве пачнуць зьніжаць узровень загрузкі вытворчых магутнасьцяў, што неадкладна адаб’ецца на эфэктыўнасьці іх працы.

Нагадаем, што, нягледзячы на падпісаныя і ратыфікаваныя пагадненьні аб Адзінай эканамічнай прасторы, бязмытная нафта ў 2011 годзе ў Беларусь паступаць так і не пачала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?