Гэтая заява прагучала 11 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Берліне.

Адзін з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін заклікаў Еўропу ўвесці меры, якія «пакараюць вінаватых, а таксама дапамогуць беларускай грамадзянскай супольнасці супрацьстаяць» пагаршэнню сітуацыі ў краіне. Становішча ў Беларусі Калякін ахарактарызаваў як «гуманітарную катастрофу».

Былы старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч назваў жорсткі разгон дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня «актам дзяржаўнага тэрарызму». Паводле яго слоў, зараз «адзіная мэта дэмакратычных сіл — каб у Еўропе даведаліся, што адбылося і адбываецца ў Беларусі». Ён заўважыў, што дэмакратычныя сілы «зрабілі ўсё, што маглі зрабіць у сваім становішчы».

У сваю чаргу, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Аляксандр Казулін выказаў надзею на міжнародную кансалідаваную пазіцыю ў адносінах да Беларусі.

«ЕС і Еўропа гулялі ў сваю гульню з дыктатарам, Расія — у сваю.

Кожная краіна мела свае інтарэсы, а Лукашэнка шантажаваў абедзве і пераследаваў сваю выгаду — захаванне ўлады», — сказаў ён. На думку Казуліна, адказ Еўропы павінен быць адэкватным сітуацыі, аднак любыя санкцыі не могуць быць скіраваныя супраць беларускага народа». «З дыктатарам нельга размаўляць мовай угаворвання, а толькі мовай сілы і ціску», — заявіў ён.

У прэс-канферэнцыі ў Берліне ўдзельнічалі таксама прадстаўнік штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, кіраўнік мінскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Ева Някляева і адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

Прэс-канферэнцыя ў Берліне адбылася напярэдадні дыскусіі аб сітуацыі ў Беларусі, якая пройдзе 12 студзеня ў Бруселі ў межах пасяджэння камітэта па замежных справах Еўрапарламента. У ёй возьмуць удзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?