Адзіная прычына, з якой аўтар прапануе чытачу гэтыя абсурдныя замалёўкі, — веданне таго, што яны не будуць больш банальнымі за аповеды пра дрэннае харчаванне і вартаўнікоў з сярэдняй адукацыяй.
Падставамі для замалёвак сталі сны, якія прысніў аўтар у Акрэсцінскім ізалятары між 24.12.10 і 3.01.11.

*

Як паглядзець — нейкая паўднёвая калонія віктарыянскай эпохі. 12-гадовая дзяўчынка. Даволі смешная, з залатымі валасамі, у белай сукенцы — дачка гаспадара маёнтка. Блакітнае неба, мора, трава на ветрыку. Усе чакаюць гаспадара. З дому выносіцца непатрэбнае староцце: нешта накшталт старасвецкага экіпажа, нешта накшталт раяля (праціраю рукой — з-пад пылу блішчыць назоў фірмы на «Е…»). Каля дзвярэй сядзіць тоўстая мясцовая жыхарка сталага веку, цягне рукі ўгару, ля яе ног — здаравезны плецены кош.

Быццам усё падрыхтавана: нават зялёныя схілы са сцежкамі ўверх-уніз. Застаецца толькі… маленькая чарнаскурая служка, аднагодка дачкі гаспадара — залатавалосае дзяўчо яе чамусьці ненавідзіць.

І вось на самым узбярэжжы, пасярод пляжу, сярод помнікаў загінулым караблям у выглядзе вытачаных ветрам каменных стэлаў, у промнях заходзячага сонца, ляжыць збітая чорнавалосая дзяўчынка з апухлым тварам, жывая. Над ёй — дачушка гаспадара, пагражае забіць і зачапіць цела «сяброўкі» круком да карабельнага каната — карабель, маўляў, чамусьці працягне яе па дне і ніякіх слядоў ужо не застанецца…

І тут раптам на гарызонце ўзнікаюць тры фігуры, якія выходзяць з будана за невялічкай бухтай. Дзяўчынка іх бачыць, пры гэтым пазнае сярод іх свайго тату — статнага, маладжавага, з бялявымі валасамі, укладзенымі назад, на ім — чорны фрэнч з накладнымі кішэнямі. Разам з ім — невядомая асоба (мажліва, жанчына), а таксама рослы і мажны дзяцюк з флікерамі і амаль срэбным надпісам «МІЛІЦЫЯ» на бушлаце. Апошні пераступае з нагі на нагу, слухаючы як бацька старанна нешта тлумачыць.

Гэта ЯЕ віна…

*

Калі генералам аднекуль з Усходняй Еўропы не шэнціць узяць уладу на сваёй Радзіме, а начныя перамовы чорных сілуэтаў на даху будынка не даюць плёну — кожны робіць свой выбар. Шмат для каго гэты выбар — з’ехаць, шукаць долі там, дзе няма шэрага неба, шэрых гмахаў, шэрых вачэй няўдзячных суайчыннікаў.

…Недзе ва Усходняй Афрыцы на раздарожжы сціплай вёсачкі ніяк не можа высахнуць вельмі беларуская лужына — на нейкі час яе не бачна, ужо шчылінкі разрываюць, але як пройдзеш, дык абавязкова ногі запэцкаеш. Каля лужыны акурат і сустракаліся ён і яна (ногі пэцкаў звычайна ён) — дзве кроплі вяршкоў у агромістым кубку чорнай кавы. «Афрыканеры», так бы мовіць. Яна яго вельмі кахала. Ён яе… таксама. Вельмі. І ўсе казалі ім пра добрую пару і г.д. Але нешта здарылася. Хутчэй у нябачным свеце, чым у бачным, бо ніводнай хмаркі на гарызонце так і не з’явілася, а лужына так канчаткова і не высахла. Ён сышоў. Мажліва да ІХ. І яна не ведала, што з гэтым рабіць.

Гэта быў марш на мясцовую сталіцу, падзея нярэдкая ў гэтым нестабільным краі. Калона расцягнулася па ўзгорках, а правадыр у высокай фуражцы і з нябачным тварам нешта крычаў у істэрыцы. Калону паволі замятала ці то снегам, ці то пылам, ці то попелам…

*

Горадня. Лета. Я — дома. Чую «нашы» лозунгі — выходжу на балкон свайго 7-га паверха. Удалечыні, на прамзоне ідзе трэнінг: спецназ рубіцца з псеўдадэманстрантамі: вечна жывыя лозунгі, бутафорскія транспаранты і сапраўдныя палкі супраць усё тых жа шчытоў і дубінак.

Акурат пад балконам — суцэльны фестываль тыпу «За сильную и процветающую…» Гіганцкія тапорныя лялькі ў некалькі чалавечых ростаў, мора дзяцей, смеху, фарбаваных «цёцечак» для падбадзёрвання публікі. Карнавал поўным ходам. На залітай сонцам паляне, пад акацыяй, у эпіцэнтры падзеі, вусаты дзядзька — нешта паміж Казловым са «Што? Дзе? Калі?» і Анатолем Куляшовым папраўляе 8-гадоваму хлопчыку ў чорным балахоне нашыўку з калаўротам «РНЕ», які плаўна перацякае ў выяву сціснутага кулака.

*

Пад Раство нарадзілася Нацыя
Паміж парашай і закратаваным акном
«Народ прынёс дары, — гучыць па рацыі, —
Апроч сцягоў ды смірны… прыхаваны лом»
Ідзе хапун. Гарыць звязда. Згасае знічка пакрысе.
Таўкуць жанчын. Таўкуць ваўкоў. Жанчын паболей…
Хто мог — сышоў. Змаглі не ўсе.
«Даволі, — запытаеш, — ці ДаКолі»?
Я адкажу: «Да Волі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?