Кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Віктар Цярэшчанка заклікае выбарцаў ня ўдзельнічаць у акцыі на Кастрычніцкай плошчы Менску 19 сьнежня.

«Я заклікаю не прыходзіць на плошчу 19 сьнежня, не падтрымліваць партыі, якія штурхаюць людзей на беспарадкі», — заявіў В. Цярэшчанка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

«Я задаў пытаньне, чаму трэба прыйсьці 19 сьнежня, а ня потым, калі будуць вядомыя вынікі выбараў. Або нехта ўжо загадзя ведае, што выбары будуць сфальсыфікаваныя? Я пакуль што ня ведаю пра тое, што ёсьць факты фальсыфікацыі. І думаю, што ўлада ня пойдзе на відавочнае публічнае парушэньне»,- сказаў В. Цярэшчанка.

Пры гэтым ён дадаў, што «калі стабільнасьць дзякуючы плошчы будзе парушана, то мы парушым у краіне і эканамічную стабільнасьць»:

«Я супраць таго, каб партыі раскручвалі сытуацыю. На плошчы могуць быць і правакацыі. Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты мне наўпрост сказаў, што мы ідзем на рэзыдэнцыю.

Але туды ж ня пойдуць дарослыя, туды павядуць дзяцей. І я як грамадзянін і як бацька не хачу кровапраліцьця 19 сьнежня», — сказаў кандыдат.

Разам з тым У. Цярэшчанка паведаміў, што сам зьбіраецца прыйсьці 19 сьнежня на плошчу, патлумачыўшы гэта тым, што «на ёй будуць прысутнічаць тыя, хто мяне падтрымлівае і вылучаў кандыдатам у прэзыдэнты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?