Удзельнікі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» правялі акцыю каля ўваходу ў Цэнтральны дом афіцэраў у Мінску 8 снежня. Яна была прымеркавана да 4-га афіцэрскага сходу Узброеных сіл Беларусі, які тут праходзіць.

«Да Плошчы засталося не так шмат дзён. Трэба штодзённа нагадваць аб тым, што гэтая падзея адбудзецца», — сказаў журналістам актывіст «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч.

Акцыя пачалася ў 9.25 і доўжылася прыблізна 40 хвілін. У яе ходзе 10 прадстаўнікоў грамадзянскай кампаніі выстраіліся ў рад каля ўваходу ў Дом афіцэраў, дзе ганаровая варта сустракала ўдзельнікаў афіцэрскага сходу.

Актывісты трымалі расцяжку з надпісам: «19 снежня захавайце гонар афіцэра!», а таксама фотапартрэты зніклага ў маі 1999 года апазіцыянера былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Да ўдзельнікаў акцыі падышоў ваенны палкоўнік і запатрабаваў, каб яны разышліся. Міхаіл Пашкевіч адказаў на патрабаванне адмовай, заявіўшы: «Мы прыйшлі нагадаць, што вы давалі прысягу не Лукашэнку, а народу Беларусі».

Сведкамі акцыі сталі больш за дзясятак афіцэраў, у тым ліку дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў.

Пашкевіч мяркуе, што праведзеная акцыя безумоўна будзе абмяркоўвацца ў афіцэрскіх колах.

Мерапрыемства, якое праходзіла пад назіраннем прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і шэрагу асоб у цывільным, закончылася без затрыманняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?