У Беларусі ўпершыню распачатая крымінальная справа за гандаль людзьмі з мэтай здабыцця органаў і тканак для трансплантацыі (артыкул 181 КК), паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.

Дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая займалася падборам і вярбоўкай донараў унутраных органаў, спыненая галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі сумесна з украінскімі калегамі. Ахвяр зламыснікі шукалі праз інтэрнэт і перапраўлялі за мяжу (Эквадор, Косава), дзе праводзіліся незаконныя аперацыі па выдаленні нырак і іх перасадцы іх заможным рэцыпіентам.

Донары выязджалі за мяжу добраахвотна, але ў дачыненні да іх ужываліся розныя метады псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння, у тым ліку пазыковая залежнасць. За выдаленую нырку кожнаму «добраахвотніку» належала плата ў памеры $10 тыс., праўда, некаторыя пасля хірургічнага ўмяшання атрымлівалі толькі частку гэтай сумы, а астатнія грошы ім неабходна было «адпрацаваць», завербаваўшы новых ахвяр. Высветлена, што такія махінацыі злачынная група здзяйсняла ў перыяд з 2008 па 2010 г.

Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС удакладнілі, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да аднаго з лідараў злачыннага фармавання — грамадзяніна Ізраіля, ураджэнца Беларусі, які эміграваў у 1991 годзе, а таксама двух змоўнікаў (абодва грамадзяне Украіны, у свой час таксама былі донарамі і пасля ўвайшлі ў склад злачыннай групы).

Ужо высветленыя асобы трох беларусаў, якія сталі ахвярамі падазраваных, а таксама шэраг асобаў, якія былі імі завербаваныя, аднак з розных прычынаў не змаглі выехаць з краіны для правядзення аперацый. Як правіла, у сетку чорных трансплантолагаў трапляліся маладыя людзі, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы і якія вырашылі такім чынам папоўніць свой бюджэт.

Фігуранты справы затрыманыя на тэрыторыі Украіны, дзе ў дачыненні да іх распачатая аналагічная крымінальная справа (у спісе ахвяраў значацца дзясяткі грамадзян гэтай краіны). Сабраныя беларускімі праваахоўнікамі матэрыялы будуць перададзеныя туды і аб’яднаныя.

Праводзіцца далейшая аператыўна-следчая праца па вышуку магчымых памагатых затрыманых, а таксама пацярпелых ад іх дзейнасці асобаў. Ёсць усе падставы меркаваць, што ў сетку зламыснікаў трапілі таксама жыхары Расіі і Малдовы.

«Грамадзяне, якія сталі ахвярамі дадзенай групы або маюць інфармацыю аб дзейнасці вярбоўнікаў, могуць звяртацца ў ГУБОПіК МУС Беларусі», — адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?