Беларусь перанесла пачатак размяшчэння ў Расіі першага траншу рублёвых дзяржаблігацый на 7 млрд. расійскіх рублёў з раней запланаванай даты 25 лістапада на няпэўны тэрмін, паведамляе РІА Новости.

Міністэрства фінансаў Беларусі пакуль не каментуе прычыны пераносу.

Як паведамлялася раней, Беларусь плануе размясціць у Расіі выпуск двухгадовых рублёвых еўрабондаў у аб’ёме да 15 млрд. расійскіх рублёў.

Кніга заявак на першы транш выпуску на 7 млрд. расійскіх рублёў была адкрыта 10 лістапада. Як адзначаў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, у выпадку паспяховага размяшчэння першага траншу Мінск можа да канца года размясціць у Расіі другі транш гэтага выпуску на 8 млрд. рублёў.

Паводле заканадаўства Беларусі выпуск аблігацый зарэгістраваны 22 кастрычніка 2010 года. Інвестарам плануецца прапанаваць 7 млн. штук каштоўных папер наміналам 1 тысяча рублёў.

Федэральная служба па фінансавых рынках Расіі 9 лістапада зарэгістравала праспект і дапусціла да публічнага размяшчэння і абарачэння ў РФ неканверсоўныя працэнтныя дакументарныя дзяржаўныя аблігацыі Беларусі першай і другой серый, якія плануецца размясціць на ММВБ па адкрытай падпісцы.

Такім чынам, замежны эмітэнт, які не з’яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, упершыню ў гісторыі расійскага фінансавага рынку атрымаў дазвол на публічнае размяшчэнне і публічнае абарачэнне выпушчаных ім каштоўных папер у Расіі.

Арганізатарам выпускаў аблігацый выступае Ашчадны банк Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?