За апошнія тры гады ў Беларусі на 12% скарацілася колькасць дзяцей-сірот

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 лістапада ў Мінску галоўны інспектар упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі Аляксей Ананенка.

Паводле яго слоў, сёння ў краіне прыблізна 37 тыс. дзяцей-сірот. Прыкладна 65% з іх жывуць у сем’ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках, астатнія — у інтэрнатных установах.

Як паведаміў Ананенка, за кошт уладкавання дзяцей у сем’і на 17% скарацілася колькасць інтэрнатных устаноў і на 40% — колькасць іх выхаванцаў. Гэта дазваляе стварыць больш спрыяльныя ўмовы для адукацыі і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей, якія засталіся ў інтэрнатах, сказаў ён.

Паводле слоў Ананенкі, у два разы скарацілася колькасць адмоў бацькоў ад дзяцей.

У 2009 годзе бацькамі, чые дзеці знаходзіліся ў дамах дзіцяці і інтэрнатах, было кампенсавана прыкладна палова сродкаў на ўтрыманне дзяцей, што «дазволіць накіраваць гэтыя грошы на іншыя патрэбы сірот», зазначыў чыноўнік.

Апрача таго, меры, скіраваныя на зніжэнне сацыяльнага сіроцтва, садзейнічалі змяншэнню дзіцячай і падлеткавай злачыннасці. Так, колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, з 2005 года ў Беларусі скарацілася практычна напалову.

Як зазначыў спецыяліст, з 2004 года на 41% павялічылася паступленне дзяцей-сірот у ВНУ, на 19% — у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, хаця сёння на большасці спецыяльнасцей адменены льготы, і гэтыя дзеці паступаюць па агульным конкурсе.

Ананенка нагадаў, што ў Беларусі завяршаецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Дзеці Беларусі». Падчас яе «выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі» па зніжэнні злачыннасці, уладкаванні дзяцей-сірот у сем’і, ахопе карэкцыйна-развівальнымі паслугамі дзяцей з асаблівасцямі развіцця і да т.п.

Распрацавана і знаходзіцца на зацвярджэнні новая праграма «Дзеці Беларусі», якая будзе мець «новую структуру і абноўленыя задачы». Паводле слоў Ананенкі, акцэнт у гэтай праграме зроблены на дзецях з асаблівасцямі развіцця, удасканальванне сеткі пазашкольных устаноў адукацыі.

Таццяна Дарашчонак, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?