Я шмат разоў, чуў ад сяброў, што жывуць у дэмакратычных краінах: «Дэмакратыя — гэта нуда. У вас, (у сэнсе ў РБ), нягледзячы ні на што, весялей».

Сапраўды, пры дэмакратыі палітык увесь час знаходзіцца пад кантролем — канкурэнцыя, СМІ, грамадская думка… У выніку заходнія лідары, якія моляцца на сацыялагічныя даследаванні, выглядаюць прэсна і нецікава. І няма чаго дзівіцца, калі іхняе заданне — увесь час падабацца большасці. Прычым не ўяўнай, а цалкам канкрэтнай — каб 51 працэнт быў.

Ну якое тут натхненне можа атрымаць творца ад сустрэчы з такім вось сацыялагічна-вытанчаным кібаргам? Іншая справа — нейкі ўсходні «стронгмэн», які трымае ў страху ўсю краіну. Гэта куды больш прыцягальна. Кроў і плоць, сіла, самаўпэўненасць, арыгінальнасць… Ну і адчуванне, што ўваходзіш у клетку да цігра.

Спіс інтэлектуалаў, якія захапляліся таталітарызмам, вялікі. Яны пхаліся да Сталіна і Гітлера, да Мао і Кастра. Колькі паважаных людзей можна пабачыць на здымках у таварыстве гэтых крывавых пачвараў…

Аўтарытрарызм, а раней таталітарызм, заўсёды быў прывабнай альтэрнатывай заходняй дэмакратычнай нудзе. Калі, зразумела, параўноўваць гэтыя рэчы седзячы ва ўтульным кафэ, скажам, у Парыжы ці любым іншым ландоне, папіваючы капучына.

Таму Олівер Стоўн, напрыклад, захапляецца Кастрам. Нават фільм пра старога Фідэля зняў. А іншы знакаміты рэжысёр, нядаўна прыляцеў у Мінск сваім уласным самалётам, каб наведаць нашага славяскага віцязя.

Зразумела, зусім інакш выглядае справа, калі ты глядзіш на аўтарытарызм не звонку, а знутры і на ўласнай скуры адчуваеш усю хвалёную незалежнасць самі-ведаеце-каго.

Punkt widzenia zależy od punktu siedzenia і гусь свінні не таварыш.

Эмпатыя не заўсёды ўласцівая творцам. Іх захапляе не толькі дабро, але і зло. Так было, так ёсць і так будзе.

Але, магчыма, тата самага вядомага хлопчыка ў краіне ў выніку менавіта гэтага візіту хаця б «прыабшчыўся» да вялікага мастацтва.

— Я не глядзеў, мне раздрукоўку далі — сказаў Аляксандар Рыгоравіч нядаўна пра відэазварот расійскага прэзідэнта.

Спадзяюся, цяпер Кустурыцу Рыгоравіч не па раздрукоўках ведае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?