Намеснік дырэктара радыё «Свабода» каментуе выказванні Эміра Кустурыцы ў Мінску.

 Лукашэнка і Кустурыца, фота БЕЛТА

Лукашэнка і Кустурыца, фота БЕЛТА

Радыё «Свабода» папрасіла Ненада Пэіча, намесніка дырэктара радыё, пракаментаваць аўторкавыя выказванні кінарэжысёра Эміра Кустырыцы ў Мінску.

Н.Пэіч, які стаў працаваць на радыё як дырэктар паўднёваславянскай і албанскай службы ў 1993 г., перад гэтым, у вельмі драматычны перыяд распаду Югаславіі, працаваў на сараеўскім тэлебачанні як бялградскі карэспандэнт, потым як кіраўнік аддзела навінаў, і ўрэшце як праграмны дырэктар. Пэіч асабіста знаёмы з Кустурыцам і кажа, што неаднаразова прасіў таго адмовіцца ад публічнай падтрымкі рэжыму Слабадана Мілошавіча.

Скажыце, як публічнае жыццё Эміра Кустурыцы ўспрымаецца ў Сербіі і, агульна, на тэрыторыі былой Югаславіі. Давайце пачнем зь ягонага пераходу ў праваслаўе ў 2005 г. Ці часта здараецца, каб людзі з мусульманскімі каранямі навярталіся ў праваслаўе ў былой Югаславіі?

Пэіч: У сапраўднасці гэта вельмі рэдкая практыка. Вельмі рэдкая.

І Кустурыца — адзін з нешматлікіх, якія зрабілі гэта публічна.

Я з ім вельмі добра знаёмы. Ён — геній, што тычыцца кінамастацтва. Але што тычыцца палітыкі — дык ён дакладная супрацьлегласць генія.

Ён — адзін з тых, хто падтрымліваў Мілошавіча, славутага «балканскага разніка», чалавека, які быў адказны за развязанне вайны і за пройгрыш у той вайне. У дадзены момант Кустурыца падтрымлівае радыкальных нацыяналістаў у Сербіі.

(…) Што тычыцца ўспрымання Кустурыцы радыкальна нацыяналістычнымі коламі, для іх ён з’яўляецца некім накшталт героя. Для людзей, якія думаюць інакш, ён проста палітычны невук. У Босніі сербы, з увагі на ягоны пераход у праваслаўе, ставяцца да яго вельмі прыхільна, але сярод мусульманаў і харватаў ніякай сімпатыі да яго няма.

Якія ў Кустурыцы палітычныя погляды цяпер? Ці праўда, што ён далей шкадуе аб распадзе Югаславіі?

Пэіч: Думаю, што так, хоць упэўнена сказаць гэтага не магу. Шмат людзей шкадуе аб распадзе Югаславіі, па розных прычынах. Кустурыца з’яўляецца часткай радыкальнага нацыяналістычнага руху ў Сербіі. Ён удзельнічае у іхніх мітынгах, ён робіць публічныя заявы на іхнюю карысць, ён сустракаецца, публічна і прыватна, з вядучымі сербскімі нацыяналістамі. Так што з палітычнага гледзішча — ён сербскі нацыяналіст. Як кажуць у Сербіі, чалавек свежа абернуты ў нейкую веру зьяўляецца большым рупліўцам, чым старыя вернікі.

Максімюк: Як бы вы пракаментавалі заяву, зробленую Кустурыцам у Мінску падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам? Кустурыца выказаўся, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, якая не дазволіла расцягнуць сваё нацыянальнае дабро міжнародным карпарацыям…

Пэіч (смяецца):Эмір, хутчэй за ўсё, меў нейкі прыватны інтарэс, каб сказаць гэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?