Напярэдадні выбараў у Беларусі маглі б вярнуцца палітэмігранты, лічыць палітык.

 Уладзімір Някляеў, фота svaboda.org

Уладзімір Някляеў, фота svaboda.org

«Рэальная сітуацыя такая, што мы можам выйграць выбары».

Такую заяву ўвечары 2 лістапада на сустрэчы з міністрамі замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім і Германіі Гіда Вэстэрвэле зрабіў адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў падзякаваў Еўропе за тое, што «яна не пакідае ўдзелу ў лёсе Беларусі».

Прэтэндэнт заявіў, што апазіцыйныя прэтэндэнты сабралі подпісаў больш, чым Аляксандр Лукашэнка, што апазіцыя не настолькі слабая, як гэта малюе ўлада. На жаль, на шляху вылучэння адзінага кандыдата паўсталі партыйныя і асабістыя інтарэсы палітыкаў.

«Шматгадовыя намаганні Еўразвяза, накіраваныя на дэмакратызацыю Беларусі, прымусілі Лукашэнку на гэтых выбарах пачаць гульню ў дэмакратыю. Гэта не яго гульня, ён не умее ў яе гуляць — і таму гэтыя выбары ў яго можна выйграць. Для гэтага трэба максімальна выкарыстаць тыя магчымасці, якіх не было раней. І на этапе збору подпісаў мы іх выкарыстоўвалі: апазіцыя сабрала больш галасоў, чым Лукашэнка.

Трэба развіваць поспех. На шляху да яго ёсць перашкода: партыйныя і асабістыя інтарэсы кандыдатаў у прэзідэнты пераважаюць над інтарэсамі агульнымі, над інтарэсамі краіны. Неабходна адмовіцца ад амбіцыяў і знайсці крытэры для аб’яднання. Самы відавочны — колькасны: у каго самая вялікая ініцыятыўная група, хто сабраў больш за ўсіх подпісаў, у каго паводле сацыялагічных даследаванняў найбольшы рэйтынг, той і павінен стаць адзіным кандыдатам. Але я згодны разглядаць і іншыя падыходы. Адначасова з усімі дэмакратычнымі кандыдатамі я гатовы „зняцца“ з выбараў, пакінуўшы Лукашэнку „абірацца“ з самім сабой — і гэта можа быць не менш эфектыўным крокам, чым вылучэнне адзінага кандыдата.

Дамаўляцца пра ўсё мы можам толькі ў выпадку размеркавання паміж усімі кандыдатамі адказнасці за адстойванне нашых правоў, галасоў нашых выбаршчыкаў, мірны супраціў фальсіфікацыі выбараў. Пакуль, выглядае, гэтым займаемся толькі мы, ніхто з іншых кандыдатаў з прапановамі па арганізацыі сумеснага мірнага супраціву ў выпадку несправядлівых выбараў да нас не звяртаўся.

Я катэгарычна не згодны са сцвярджэннем улады, быццам беларуская апазіцыя настолькі слабая, што няздольная прыняць якога-небудзь сур’ёзнага ўдзелу выбарах. Рэальная сітуацыя такая, што выбары мы можам выйграць. І мы выйграем іх, калі кожны дзень будзем ўзмацняць наш ўплыў на грамадства. Усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі.

Напярэдадні выбараў гэтаму магло б спрыяць вяртанне на радзіму беларускіх палітэмігрантаў.

Я прашу Вас, спадар Вестэрвеле, і Вас, спадар Сікорскі, ужыць увесь ваш уплыў для таго, каб Лукашэнка даў гарантыі бяспекі

лідэру апазіцыі Вярхоўнага Савета 12-га склікання Зянону Пазняку і спікеру Вярхоўнага Савета 13-га склікання Сямёну Шарэцкаму пры іх вяртанні ў Беларусь», — заявіў Уладзімір Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?