ДТЗ з удзелам вадзіцеля аднаго са сталічных таксапаркаў адбылося на днях у Мінску.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, на вуліцы Аннаева ў Партызанскім раёне таксіст, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, не справіўся з кіраваннем. Яго аўтамабіль наехаў на бардзюр, выскачыў на газон і знёс тры дрэвы. У выніку сутыкнення стрыечны брат таксіста, які знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні, атрымаў траўмы. Моцныя пашкоджанні атрымаў аўтамабіль.

Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца здарэння, даставілі таксіста на медыцынскі агляд,

які выявіў у яго крыві 2,66 праміле алкаголю,

што ніяк не адпавядала 150 грамам гарэлкі, якія, паводле слоў парушальніка, ён выпіў напярэдадні. Прычым у такім стане на вочы інспектараў гэты мужчына трапіў ужо ў чацвёрты раз.

«За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення таксісту пагражае штраф да 35 базавых велічыняў з пазбаўленнем права кіравання аўтамабілем на тры гады, — паведаміў начальнік аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска Валерый Найдзенка. — Адміністрацыйную адказнасць ён панясе і за ўчыненне ДТЗ: Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэта прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічыняў». Апрача таго, за пашкоджанне зялёных насаджэнняў вадзіцель павінен кампенсаваць урон прадпрыемству «Зелянбуд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?