Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў не выключае прыватызацыі беларускіх нафтаправодаў і нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Пра гэта ён заявіў 28 кастрычніка падчас прэзентацыі сваёй знешнепалітычнай дактрыны.

Як адзначыў Някляеў, з улікам таго інтарэсу, які выказвае Расія да транзітнага і нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі, шмат у каго з’яўляецца ўражанне, што такія дзеянні пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны. «Мы не можам выключыць расійскі капітал з такой умовай, хочам мы яго ўспрымаць тут, або не. Ён існуе, і ён такі, які ён ёсць. Трэба проста дакладна вызначыцца, што яму тут рабіць. Для мяне ёсць ясны адказ на гэтае пытанне.

Расійскі капітал павінен скупляць тут тое, што і так, па сутнасці, залежыць ад Расіі. І што, па вялікім рахунку, акрамя Расіі, нікому не трэба», — заявіў Някляеў.

У якасці прыкладу ён прывёў нафтаправоды, якія, паводле яго слоў, патрабуюць «капітальнага рамонту, на які ў Беларусі няма грошай». «Тое, што яны патрэбныя Захаду, я магу ўявіць толькі ў адным выпадку:

калі нейкі спекулянт на Захадзе павыкупляе гэтыя прадуктаправоды і прадасць іх назад Расіі», — сказаў палітык.

«Тыя ж нафтаперапрацоўчыя заводы, якія працуюць на расійскай сыравіне. Калі расійскія кампаніі ўвойдуць туды як уласнікі, то з імі можна будзе лягчэй весці перамовы, лягчэй вырашаць пытанні, якія на сённяшні дзень не вырашаюцца», — адзначыў Някляеў.

Кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што цяпер капітал не мае нацыянальнай прыналежнасці:
«Калі нават хтосьці сёння прыватызуе трубаправод з Германіі або Вялікабрытаніі, то гэта не значыць, што гэта быў не расійскі капітал, вывезены за мяжу».

Акрамя таго,

як адзначыла палітолаг Святлана Навумава, расійскі капітал, які можа прыйсці ў Беларусь, не абавязкова будзе алігархічным.
«У Расіі з’явілася «другая хваля» прадпрымальнікаў і бізнесменаў, якія маюць намер весці свой бізнес празрыста і адкрыта», — адзначыла яна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?