Нашыя законы, што датычаць марыхуаны, відавочна прыносяць больш шкоды, чым карысці.
Пераслед марыхуаны па законе не перашкодзіў ёй стаць самым ужывальным незаконным наркотыкам у Злучаных Штатах і многіх іншых краінах. Але гэта прывяло да вялікіх выдаткаў і негатыўных наступстваў.

Праваахоўныя органы сёння марнуюць многія мільярды даляраў падаткаплатнікаў штогод, спрабуючы ажыццявіць гэтую неажыццяўляльную забарону. Прыкладна 750 тыс. чалавек арыштоўваюць кожны год за захоўванне невялікай колькасці марыхуаны, што складае больш за 40% усіх арыштаў за наркотыкі.

Рэгуляванне і падаткаабкладанне марыхуаны магло б ашчадзіць мільярды даляраў падаткаплатнікаў, забяспечыўшы пры гэтым многія мільярды даляраў даходу штогод.

Гэта таксама прывядзе да скарачэння злачыннасці, гвалту і карупцыі на рынку наркотыкаў, зменшыць выпадкі парушэння грамадзянскіх свабодаў і правоў чалавека, якія адбываюцца, калі арыштоўваюцца многія законапаслухмяныя ва ўсім астатнім грамадзяне. Паліцыя магла б замест гэтага засяродзіць увагу на сур’ёзных злачынствах.

Расавая няроўнасць — неад’емная частка палітыкі пераследу за марыхуану, чаго нельга ігнараваць.
Афраамерыканцы не часцей, чым іншыя амерыканцы, ужываюць марыхуану, але іх у тры, пяць ці нават дзесяць разоў часцей (у залежнасці ад горада) арыштоўваюць за яе захоўванне. Я згодны з Алісай Хафман, прэзідэнтам NAACP [Нацыянальная асацыяцыя спрыяння прагрэсу каляровага насельніцтва — Рэд.], якая кажа, што, праходжанне праз сістэму крымінальнага правасуддзя прыносіць маладым людзям больш шкоды, чым сама марыхуана.

Расавымі забабонамі таксама тлумачацца карані забароны на марыхуану. Калі ў Каліфорніі і іншых штатах ЗША ўпершыню вырашылі (паміж 1915 і 1933) увесці крымінальную адказнасць за ўжыванне марыхуаны, асноўнай матывацыяй быў не пацверджаны навукай клопат пра здароўе нацыі, а забабоны і дыскрымінацыя ў дачыненні да імігрантаў з Мексікі, якія, паводле ўсеагульнага меркавання, і курылі «траву-забойцу».

Каму больш за ўсё выгадна, каб марыхуана заставалася па-за законам?
Буйным злачынным арганізацыям у Мексіцы і іншых краінах: яны зарабляюць мільярды даляраў штогод ад незаконнага гандлю гэтым наркотыкам і хутка страцяць канкурэнтаздольнасць, калі марыхуана будзе дазволеная. Некаторыя сцвярджаюць, што яны проста пачнуць займацца іншай забароненай дзейнасцю, але яны відавочна будуць нашмат менш уплывовымі, пазбавіўшыся лёгкай нажывы ад марыхуаны.

Як і многія бацькі, бабулі і дзядулі, я непакоюся пра маладых людзей, залежных ад марыхуаны і іншых наркотыкаў. Найлепшае рашэнне, аднак, — гэта адкрытая і эфектыўная асветніцкая кампанія што да наркотыкаў. Адно даследаванне за адным паказваюць, што

падлеткі маюць большы за дарослых доступ да марыхуаны і іншых наркотыкаў, і лічаць, што прасцей купіць марыхуану, чым алкаголь.
Легалізацыя марыхуаны можа палегчыць куплянне марыхуаны для дарослых, але гэта наўрад ці зробіць яе больш даступнай для падлеткаў. Я б з большай ахвотай інвеставаў у эфектыўную асвету, чым неэфектыўныя арышты і пазбаўленне волі.

Каліфарнійская «Прапанова-19» па легалізацыі рэкрэацыйнага ўжывання і вырошчвання марыхуаны ў невялікіх аб’ёмах не вырашыць усіх праблем, звязаных з наркотыкамі. Але гэта будзе важны крок наперад, і яго недахопы можна будзе выправіць з дапамогай назапашанага досведу. Гэтак жа, як працэс скасавання забароны на алкаголь пачаўся з асобных штатаў, асобныя штаты мусяць цяпер узяць на сябе ініцыятыву па скасаванні забароны на марыхуану.

З гэтых прычынаў я вырашыў падтрымаць «Прапанову-19» і заклікаю іншых зрабіць тое самае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?