Археолагі знайшлі ў Віцебскай вобласці астаткі старажытнага паселішча вікінгаў, што даказвае, што прадстаўнікі названага народа жылі на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта паведаміла загадчыца Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Ляўко.

Субяседніца не ўдакладніла, дзе менавіта знойдзены астаткі паселішча, растлумачыўшы, што далейшаму даследаванню гэтай тэрыторыі могуць перашкодзіць «чорныя капальнікі».

Вольга Ляўко расказала, што ў час раскопак былі знойдзены элементы зброі і бытавыя прадметы, якія сведчаць аб тым, што знаходжанне вікінгаў на тэрыторыі Беларусі было не эпізадычным, транзітным, а пастаянным. Сярод самых каштоўных знаходак — зліткі каляровых металаў, сярэбраны наканечнік ножан мяча, матрыца для адліўкі паясавых наканечнікаў дружыннікаў і іншыя.

Акрамя таго, археолагі знайшлі і месца пахавання аднаго з дружыннікаў-вікінгаў разам са збруяй і канём.

«Апошняе адкрыццё вельмі важнае для нас, — адзначыла Вольга Ляўко. — Гэты прыклад даказвае, што вікінгі ў нас жылі».

Спецыяліст таксама расказала, што ў Беларусі практычна не было навукова-даследчых работ, прысвечаных вікінгам. У бліжэйшыя гады вучоныя плануюць удзяліць гэтай тэме асаблівую ўвагу, плануецца вызначыць галоўныя асаблівасці побыту вікінгаў на тэрыторыі Беларусі. Ужо вядома, напрыклад, што іх паселішчы былі невялікімі і размяшчаліся недалёка ад паселішчаў мясцовых жыхароў.

Вікінгі — раннесярэдневяковыя скандынаўскія мараходы, якія ў VIII–XI стагоддзях рабілі марскія паходы ад Вінланда да Біярміі і ад Каспія да Паўночнай Афрыкі. У асноўным гэта былі свабодныя сяляне дацкага, нарвежскага і шведскага паходжання, якія качавалі за межамі родных краін у пошуках лёгкай нажывы. Па рэлігіі гэта былі ў асноўным язычнікі.

Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць фундаментальныя навуковыя даследаванні па гісторыі і археалогіі, выконвае археалагічныя раскопкі, а таксама арганізуе экспертызу важнейшых навуковых праграм і праектаў у культурна-гістарычнай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?