Алесь Мара
Час пакаяння
...Сысу пазычаў грошы на пітво?
(З каментару на сайце «Свабоды»)
Сысу ты грошы
даваў на гарэлку?
Плаціў за вершы якою
меркай?
Пытанне рубам... Б’е напавал.
І ты, Брут, — разам з ім
«вупіваў»?
І ты, і ён — забівалі паэта...
Маўчу... Няпросты адказ
на гэта.
Маё ты хочаш пачуць
прызнанне.
Адказ такі — якое пытанне.
І я скажу за сябе і за тых.
Не шкадаваў я сваіх
залатых.
***
Да Дому свайго
літа-та-та-таратара
Ішлі паэты з напоўненай
тарай.
Ў кішэні даляр, «заяц»,
марка і літа.
Па поўнай, па венчык
было ўсім наліта,
І ў кожнага свой быў
наседжаны столік.
Галоўны сярод іх з Гарошкава
Толік
Рукалісь з паэтам
мастак і артыст.
Касіў пад сваіх у куточку
«гэбіст».
Калі ж у кагосьці пустая
кішэнь,
Не выганялі... Не гналі
ў каршэнь.
Народу, што вулей
у гэткае залі,
Чуваліся дома — не як
на вакзале.
Было — як сплыло...
ўжо не вернеш ніяк.
Заходзілі зрэдку
Кулік і Пазьняк.
Ах, як мы сядзелі!...
пяялі... гудзелі.
Здавалась — нязломкі...
й дзяўчаты у целе.
Як хуценька, хутка
дзянькі праляцелі.
А ты ўсё пытаеш...
ты грошы даваў?
Ды, каб жа на тое...
каб гэта я знаў.
Я б міма кілішка
яму наліваў.
А корак з бутэлькі
у сэрца цаляе.
Старая з касою ў начоўках
люляе.
І з цмокам зялёным
прайграны двубой.
Я быў... сядзеў поруч,
чамусь не з табой.
А ён як ваўчо...
як паранены звер.
Давай пашкадуем...
паплачам цяпер.
Упоцемках йшлі
неяк крыва дахаты.
«Ён сам вінаваты,
ён сам вінаваты»
Па таленце жыў
і па таленце піў.
З ягоных «сяброў» нехта
цешыўся, кпіў...
«Ужо не ўзляціць, не падымецца
вышай.
Капец... Нічагуткі цяпер
не напіша».
І з бара выводзяць
п’янога кліента.
Ты за-да-ва-лё-ны...
няма канкурэнта.
Даваў, прызнаюся,
яму на пітво...
Пакаюся... грэшны. А ты?
гэта... во...
Дзе быў? Што рабіў?
Мо, забыўся нагладка?
Так. Я вінаваты...
мне скрушна і гадка...
Не сквапны. Даваў яму
лішнюю сотку.
Не аб сцяну ж галавой
тую котку.
Закопвалі талент глыбока...
глыбока.
Ды выйшла не так...
усё вылезла бокам.
Яно — як расточак
зялёны праб’ецца,
Нікуды, нішто проста так
не дзяецца.
Пасеяна зерне...
не страчаны плён.
«Вянок» у Максіма...
у Толіка — «Лён».
***
Так цесна... задушна...
якое халеры?
Куды ні кінь вокам —
усюды Сальеры.
Зайздроснікі... хціўцы.
І кожны з нас хлус.
Рассыпаны звёны...
такі беларус.
Пігмеям далёка расці
да Калоса.
На гэткіх глядзяць скасавурана,
коса,
І я сярод іх у аблуднай
гаморы.
За ўсім назіраў
чалавечак з «канторы».
Кроў з раны смакталі
і рэзалі жылы.
Пасля на магілу
цвяты палажылі.
***
О, край мой! О, людзі!
якія пакуты
Таму, хто прад вамі
аголенаскуты.
Хто вольны — як вецер,
нявольнік свабоды.
Як вы не шукае
выгоды і броды.
О, людзі!.. паплечнікі,
родныя брацця.
Не шлю на сябе і на вас
я пракляцця.
Не б’ю у званы...
не крычу ў паняверцы,
А ціха шапчу...
вы паверце, паверце...
За ім паэт будзе,
паэта не біце,
Любіце сябе
і яго вы любіце.
Барсукі — Мінск, 2010