Зноў беларусы не атрымалі Нобеля па літаратуры. Хто з беларускіх пісьменнікаў варты прадстаўляць краіну за мяжой? Гутарка з крытыкам Паўлам Абрамовічам.

«НН»: Павел, Вы скептычна ставіцеся да Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Чаму?

ПА: Я скептычна стаўлюся да кожнай літаратурнай прэміі. Бо іх прысуджаюць жывыя людзі са сваімі літаратурнымі густамі і поглядамі. Нават у межах аднаго журы няма згоды. Што да «нобелеўкі», то гэтая прэмія выклікае нараканні амаль з першых гадоў існавання — вядома, як сакратар Шведскай акадэміі Карл Вірсэн рашуча запярэчыў супраць узнагароджвання Льва Талстога.

Нейкія бюракраты сядзяць у Стакгольме і кожны год «гуляюць ў бісер»,

абіраючы найчасцей немаведама каго. Але нягледзячы на суб’ектыўны фактар, Нобелеўская прэмія застаецца патаемнай марай кожнага пісьменніка. Шкада, што многія сыходзяць, не атрымаўшы яе. Як Сэлінджар ці Набокаў.

«НН»: Увесь шум з вылучэннем на атрыманне Нобеля Барадуліна, Алексіевіч, Марчука прынёс нейкі плён для нашай літаратуры?

ПА: Аніякага. Плён нацыянальнай літаратуры і грамадству прынесла б уганараванне Васіля Быкава — бездакорнага чалавека і пісьменніка, з існаваннем якога лічылася беларуская ўлада.

Тады б ніхто не адважыўся шыкнуць, што беларускай мовы не існуе,

што ў нашай культуры няма нічога выдатнага. Не выключана, пры пэўных умовах гэта выклікала б сапраўдныя змены ў грамадстве.

«НН»: Мы не можам папулярызаваць за мяжой усю літаратуру. Трэба прасоўваць асобных аўтараў. Зразумела, што Колас, Купала, Багдановіч неактуальныя па-за Беларуссю. Каго тады рабіць літаратурным тварам краіны?

ПА: Маладых літаратараў. Кожнага з іх, хто мае адметны стыль. Цяпер я чытаю раман Аляксея Талстова «Бег». Тэкст напісаны нервамі, за ім бачны чалавек, «чалавек з мозгам, сэрцам і сапраўднымі пачуццямі», як пісаў Акутагава. Талстоў можа быць у ліку гэтых абраннікаў. Не трэба забывацца і на расейскамоўную беларускую літаратуру. Таццяна Заміроўская, Віктар Марціновіч... Некаторыя крытыкі наогул адмаўляюць расейскамоўным пісьменнікам Беларусі ў існаванні. Але гэта — нацызм.

«НН»: Пасярэдніцтва якіх краін можа прынесці плён: выдавацца ў англамоўным свеце, нямецкамоўным?

ПА: Хвалі беларускай літаратуры мусяць спачатку прайсці праз Польшчу, Украіну, Літву, Латвію, Расею. Дарэчы, польскі кніжны рынак — адзін з самых перспектыўных. У 2008-м толькі за бюджэтныя сродкі там выдалі 147 млн. асобнікаў — гэта 3,8 кнігі на аднаго паляка. Ва Украіне, да прыкладу, усяго 0,6.

Вядома, попыт дыктуе прапанову. Калі будуць замовы ад англійскіх ці нямецкіх выдаўцоў, трэба неадкладна іх задаволіць, бо якасныя тэксты ў нас сапраўды ёсць. Прыкладам,

немцам спадабаўся раман «Горад Сонца» Артура Клінава, творы Святланы Алексіевіч набываюць сцэнічнае ўвасабленне ў Італіі, аб рамане «Параноя» Віктара Марціновіча пішуць «The New York Times Book Review» і «The Guardian».

«НН»: За мяжой у сяброўскіх перакладах з’яўляюцца творы пасрэдных аўтараў (вялікае значэнне маюць прыватныя знаёмствы). Але там, дзе яны друкуюцца, па іх судзяць аб усёй беларускай літаратуры...

ПА: Прывяду прыклад. Сяброўка маёй жонкі выйшла замуж за іспанца, які ачольвае кніжнае выдавецтва. Калі ён даведаўся, што расейцы лічаць сучасным іспанскім пісьменнікам-інтэлектуалам нумар адзін Артура Перэса-Рэверту, схапіўся за галаву. Бо іспанцы яго кнігі ўспрымаюць як чытво на адзін сезон. Чытач сапраўды можа сапсаваць уяўленне аб сучаснай літаратуры той ці іншай краіны, калі наперад выходзяць нядобрасумленныя выдавецтвы. Альбо сябрукі, якія маюць грошы і прасоўваюць знаёмых графаманаў у літаратурных колах сваёй краіны. Таму трэба шырыць культурныя сувязі, ствараць школу нацыянальнага перакладу. А крытыкам трэба пільна сачыць за тым, што з замежнай літаратуры распаўсюджваецца на ўнутраным рынку і што з айчыннай літаратуры трапляе за мяжу.

І без жалю адстрэльваць графаманаў, збіваць пыху з голых каралёў.

«НН»: А як даносіць айчынную літаратуру да беларускага чытача з улікам яго неабазнанасці ў аўтарах?

ПА: Вярнуць літаратуру на газетныя старонкі, зладзіць аддзелы крытыкі, знайсці таленавітых калумністаў, якія б пісалі пра літаратуру. І ўважліва праглядаць чытацкую пошту: мо ў вёсцы Малая Багацькаўка ўжо з’явіўся новы Максім Гарэцкі.

Страшэннай хібай беларускага літаратурнага працэсу ёсць знікненне так званай пісьменніцкай крытыкі, якой з пачатку мінулага стагоддзя па праву ганарылася наша літкрытыка. Паэты і празаікі цяпер не пішуць эсэ кшталту «Загадкі Багдановіча» Міхася Стральцова і гадавых літаратурных аглядаў па прыкладзе Янкі Брыля. Чаму? Мне зусім не зразумела. Тым больш, што творцы старэйшага ўзросту адбыліся не ў апошнюю чаргу дзякуючы падтрымцы, якую ім аказалі ў прэсе таварышы па літаратурным цэху. Вось чаму яны мусяць сплаціць доўг. Дарэчы,

давер да літаратурнай крытыкі, створанай пісьменнікамі, у чытача па-ранейшаму вялікі.

І гэты крытычны жанр, калі яго ўзнавіць, абудзіць літаратурнае жыццё краіны.

Мы мусім выхоўваць густ да якаснай літаратуры, наогул да чытання кніг. Мова тут не ёсць перашкодаю. Сапраўдны чытач, якім быў Максім Багдановіч, вывучыў беларускую мову і пачаў пісаць вершы на ёй. Я падлічыў у «ЖЖ», што

актыўная чытацкая супольнасць мастацкай літаратуры Беларусі ў лепшым выпадку складае 50-60 тысяч чалавек.

І «трыяда» — пісьменнікі, крытыкі, журналісты — мусіць рабіць усё магчымае, каб гэтая лічба не засталася на паперы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?