Былы міліцыянт, які выявіў фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах, не збіраецца пакідаць краіну і ў выпадку судовых працэсаў гатовы даваць паказанні.

Былы міліцыянт Мікалай Казлоў, што агучыў факты фальсіфікацый на парламенцкіх выбарах 2008 года, кажа, што не збіраецца з’язджаць з краіны і ў выпадку судовага працэсу гатовы даваць паказанні.

У панядзелак Мікалай Казлоў разам з старшынём АГП Анатолем Лябедзькам даваў прэс‑канферэнцыю. Справа ў тым, што два гады назад фальсіфікацыі былі выяўленыя якраз на Старавіленскай акрузе, дзе балатаваўся Лябедзька.

«Мы пазнаёміліся 20 хвілін таму.

Для мяне гэты чалавек прыклад мужнасці», — пачаў прэс‑канферэнцыю Анатоль Лябедзька.

Лідэр АГП нагадаў, што рабіў запыты ў Генеральную пракуратуру адносна фальсіфікацый вынікаў выбараў, пра што заяўлялі Аляксандр Лукашэнка і Канстанцін Сумар. «Адказ быў такі, што альбо гэтыя людзі недзеяздольныя, альбо хлусы», — кажа палітык.

«Мікалай Казлоў сказаў, што фальсіфікацыі былі, але ва ўрон альтэрнатыве ўлады. Робім выбар: хто кажа праўду».

Таксама Лябедзька цяпер рыхтуе зварот да дэпутата палаты прадстаўнікоў Самасейкі, які быў абраны па Старавіленскай акрузе. Старшыня АГП перакананы, што ў любой краіне парламентар пасля такога скандалу павінен хаця б часова скласці з сябе абавязкі.

«Чакаў, што пракуратура будзе праводзіць нейкае следства. Цяпер жа я бачу, што пачынаюцца новыя выбары, але нічога не мяняецца. Я збіраюся даваць паказанні, калі нехта распачне справу», — сказаў М.Казлоў.

Для былога міліцыянта было не вельмі звыкла даваць прэс‑канферэнцыю. Сказаў, што прыйшоў на яе, каб ніхто потым не падумаў, што адмаўляецца ад сваіх словаў.

Чаму Казлоў вырашыўся на гэта? «Ёсць нейкія пытанні, якія больш высокія. Я хачу, каб было справядліва. Мне пазваніла шмат калег, сяброў выказаць падтрымку», — кажа міліцыянт.

Ніякага ціску на сябе ён яшчэ не адчуў. Што датычыць сяброў участковых камісій, то кажа, што разумее іх.

«Я не збіраўся нікога лавіць за руку. Так выйшла, што я пабачыў гэты ўкід бюлнтэняў. Старшыня камісіі баялася, ёй было страшна. Прычым, не мяне, чалавека ў форме, а таго, што не ўкіне гэтых бюлетэняў», — сказаў падпалкоўнік.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што яму ўжо патэлефанавала двое старшынь камісій, якія гатовыя ў будучыні таксама агучыць факты фальсіфікацый. «Проста некаму трэба пачаць», — кажа старшыня АГП.

Мікалай Казлоў лічыць, што гэтую справу можна хутка расследаваць, калі б у гэтым была зацікаўленасць праваахоўных органаў.

«У міліцыі розныя людзі. У тым ліку і прыстойныя. Шкада, што апошнія пачалі звальняцца з службы. Мне будзе проста, бо я не хлушу», — сказаў міліцыянт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?