Працы па аднаўленні Каложскай царквы могуць прывесці да яе разбурэння. Да такой высновы прыйшлі гродзенскія гісторыкі і звярнуліся да міністра культуры з просьбай перагледзець існуючы праект рэканструкцыі святыні.

Як адзначыў гісторык Андрэй Вашкевіч, пісьмовы зварот да Паўла Латушкі складзены па выніках адкрытых грамадскіх слуханняў, на якіх абмяркоўваўся праект рэканструкцыі Барыса-Глебскай царквы. Практычна ўсе запрошаныя эксперты запэўнівалі: цяпер самай галоўнай задачай з’яўляецца не рэканструкцыя, а кансервацыя царквы XII стагоддзя. У лісце гродзенцы просяць яшчэ раз разгледзець існуючы праект на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Каб захаваць святыню, усе працы павінны праводзіцца пад строгім кантролем не толькі дзяржаўных службаў, але і прадстаўнікоў грамадскасці.

Грамадскія слуханні на тэму «Рэканструкцыя Барыса-Глебскай царквы: за і супраць» прайшлі 23 верасня. Усяго на іх прысутнічала каля сотні гараджан. У якасці экспертаў былі запрошаныя навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Каложскай царквы Генадзь Лаўрэцкі (ён прадставіў архітэктурны праект, зацверджаны ў канцы 2008 года), архітэктары Вячаслаў Чарнатаў і Ірына Лаўроўская, архітэктар-рэстаўратар, навуковы кіраўнік праекта «Гістарычны цэнтр Полацка» Вадзім Гліннік, археолаг Аляксандр Краўцэвіч, гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, дэкан факультэта архітэктуры БНТУ Армен Сардараў.

Што хвалюе гісторыкаў і архітэктараў?

• Чаму грошы на рэканструкцыю Каложскай царквы не вылучаюцца з бюджэту, бо гэта ж помнік першай катэгорыі каштоўнасці.

• Выкарыстанне сучасных будаўнічых матэрыялаў (газасілікатных блокаў) пагражае старажытнай аўтэнтычнасці і можа знішчыць тое, што называюць «духам» помніка.

• Няма дакладнай інфармацыі пра тое, як выглядала царква ў XII стагоддзі. Выкарыстанне ж метаду аналогіі можа перакрэсліць самабытнасць і унікальнасць Гродзенскай школы архітэктуры.

• Адсутнічае патрэбная інфармацыя аб стане Каложскага плата, асабліва з боку Нёмана. Без яе ніхто не дасць гарантыі, што бераг падчас будаўніцтва не абрынецца.

• Не даследаваны тэхнічны стан сцяны і двух слупоў XII стагоддзя. Пры рэалізацыі праекта па аднаўленні Каложы нагрузка на сцяну павялічыцца, а слупы стануць апорнымі элементамі даху. Гэта можа стаць прычынай іх разбурэння.

• Беларускія будаўнікі не змогуць выканаць працы па рэканструкцыі на адпаведным высокім узроўні. Акрамя таго, зрабіць гэта не дазволіць сама сістэма арганізацыі будаўнічых работ, пры якой, як правіла, усталёўваюцца пэўныя тэрміны.

Ёсць меркаванне

Гродзенскі губернатар Сямён Шапіра ў пятніцу падчас прэс-канферэнцыі:

— Чытаю розныя версіі з гэтай нагоды. Ведаю, што частка нашых людзей, гісторыкаў непакояцца за падыход да рэстаўрацыі Каложы. Калі дакранаешся да пытанняў гісторыі, павінна быць адмысловая асцярожнасць. Дай Бог не зрабіць памылку. Скажу шчыра, я глыбока не перакананы, што зараз трэба рэстаўраваць Каложу. Хоць думкі людзей, як мне паказваюць, на 80 адсоткаў за. Але павінен сказаць прафесіянал. Можа быць, варта параіцца з ЮНЕСКА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?