Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі стануць вырашальнымі для вызначэння далейшага развіцця стасункаў Беларусі і Еўрасаюза, заявіў 22 верасня старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек.

У заяве, якую распаўсюдзіла прэс-служба Бузека, ухваляецца запрашэнне для назірання за выбарчай кампаніяй экспертаў БДІПЧ АБСЕ. Таксама выказваецца спадзяванне, што праца назіральнікаў не будзе абмяжоўвацца.

«Неабходна кіравацца кожнай літарай рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, каб вынікі гэтых выбараў лічыліся справядлівымі і дэмакратычнымі», — лічыць Бузек.

Кіраўнік Еўрапарламента заклікаў беларускія ўлады гарантаваць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў пры рэгістрацыі, фарміраванні выбарчых камісій усіх узроўняў, а таксама гарантаваць надзейнасць датэрміновага галасавання і празрыстасць працэдуры падліку галасоў.

Бузек выказаў занепакоенасць свабодай прэсы ў Беларусі і заклікаў беларускія ўлады забяспечыць роўны доступ кандыдатаў да СМІ, спыніць «пераслед і націск на незалежных журналістаў».

Старшыня Еўрапарламента са шкадаваннем заявіў, што «апошнія выбары ў Беларусі сталі фактычна кпінам з дэмакратыі». «Дэмакратыя так не працуе, гэта не п’еса, якую адрэпетавалі, якой кіруе рэжысёр, а акцёры паўтараюць завучаны тэкст. Дэмакратыя — гэта рэалізацыя і выражэнне свабоднай і незалежнай волі народа», — гаворыцца ў заяве.

Бузек заклікаў дэмакратычныя сілы краіны аб’яднаць намаганні і запэўніў, што дзяржавы ЕС «шчыра падтрымліваюць імкненне беларусаў жыць у свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай краіне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?