62,8% беларускіх сем'яў з дзецьмі маюць адно дзіця.

Пра гэта паведаміла начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Галіна Рудзянкова 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў,

двух дзяцей маюць 31,5% ад усіх сем'яў з дзецьмі, трох дзяцей — толькі 5,7% беларускіх сем'яў. Усяго ў краіне налічваецца 1 млн. 411 тыс. сем'яў, у якіх выхоўваецца 1 млн. 785 тыс. 387 дзяцей да 18 гадоў.

Як паведаміла Рудзянкова, дзеці складаюць амаль 18,5% ад усяго насельніцтва Беларусі. Летась колькасць дзіцячага насельніцтва ў краіне працягвала памяншацца. Найбольшае скарачэнне колькасці дзяцей за год — на 6,5 тыс. чалавек — адзначалася ў Віцебскай вобласці; найменшае — у Мінску, дзе дзіцячае насельніцтва скарацілася менш чым на 2 тыс. чалавек.

Як заявіла Рудзянкова, прыярытэтнымі кірункамі працы з сям'ёй з'яўляюцца «рэалізацыя мінімальных дзяржстандартаў, паказчыкаў і якасці жыцця сем'яў, забеспячэнне эканамічнай самастойнасці, стабільнасці матэрыяльнага становішча сем'яў». Акрамя таго, у ліку прыярытэтаў — «стварэнне работнікам, якія маюць дзяцей, спрыяльных умоў для спалучэння працоўнай дзейнасці з выкананнем сямейных абавязкаў, фарміраванне сацыяльнай інфраструктуры, сістэмы сацабслугоўвання сем'яў, забеспячэння іх сацыяльнай падтрымкі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?