У раённыя бальніцы Гомельскай вобласці паступаюць на лячэнне з пнеўманіяй ад аднаго да 30 чалавек у дзень.

Ва ўсіх бальніцах перапрафіляваны аддзяленні, выдзелены рэзервовыя ложкі, медустановы забяспечаны прэпаратамі, у тым ліку «Таміфлю». Пра гэта паведамляюць прадстаўнікі медустаноў.

Так, у Мазырскай гарадской бальніцы паведамілі, што

на мінулым тыдні ў стацыянар штодзённа паступала да 30 чалавек з пнеўманіяй.

17 лістапада шпіталізавана 17 чалавек. Дзевяць чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх хапае. Дзве жанчыны памерлі ад пнеўманіі. Галоўны лекар бальніцы паведаміў, што па загадзе Міністэрства аховы здароўя пры любым падазрэнні на пнеўманію паказана шпіталізацыя. «Таміфлю» прызначаецца пры віруснай пнеўманіі ў хворых. Паводле слоў медыка, бальніца забяспечана неабходнымі для лячэння прэпаратамі.

У Петрыкаўскай раённай бальніцы паведамілі, што выпадкі пнеўманіі рэгіструюцца часцей, чым у эпідэмічны ўздым захворвання летась. На лячэнні ў бальніцы з дыягназам «пнеўманія» знаходзяцца 29 дарослых і чатыры дзіцяці, два чалавекі выпісаліся. Ад пнеўманіі памерла мясцовая жыхарка, прыватны прадпрымальнік 49 гадоў. Разам з тым у бальніцы адзначылі, што намецілася тэндэнцыя да памяншэння колькасці першасных хворых на грып і ВРВІ. Галоўны лекар бальніцы падкрэсліла, што ва ўстанове няма недахопу ў лекавых прэпаратах, «Фармацыя» своечасова забяспечвае ўсім неабходным для лячэння. У хворых бралі пробы на наяўнасць вірусу А (H1N1), але пакуль няма вынікаў, аналіз праводзіць Гомельскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

У Хойніцкай раённай бальніцы з пачатку эпідэмічнага ўздыму паступілі з пнеўманіяй 22 дарослыя і 8 дзяцей, смяротных зыходаў не было.

20 хворых на пнеўманію паступалі ў Брагінскую раённую бальніцу, адзін чалавек знаходзіцца ў рэанімацыі. Галоўны ўрач заявіў, што лекамі бальніца забяспечана, прэпарат «Таміфлю» выпісаны хворым згодна з паказаннямі.

Галоўны лекар Буда-Кашалёўскай раённай бальніцы адзначыў, што назіраецца рост захворвання на пнеўманію — паступіла на лячэнне 47 дарослых і 5 дзяцей. Лекар падкрэсліў, што ўсе хворыя атрымліваюць адэкватнае лячэнне, пры віруснай пнеўманіі пацыентам прызначаюць «Таміфлю».

Больш за 50 чалавек паступала з пнеўманіяй у Лоеўскую раённую бальніцу, больш за 20 — у Нараўлянскую.

Інфармацыю аб захворванні на пнеўманію ў рэгіёне ў цэлым і ў Гомелі ў прыватнасці высветліць не ўдаецца — кіраўніцтва абласнога ўпраўлення аховы здароўя катэгарычна адмаўляецца ад зносінаў з прэсай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?