«У выпадку забароны давядзецца хутка шукаць іншых пастаўшчыкоў»

Найбольш балючым крокам для Літвы можа быць забарона на экспарт Беларуссю драўніны ў Літву. Цяпер гэтая сыравіна — на піку цэн ва ўсім свеце. Так што Раман Галоўчанка ведаў, на што ціснуць:

«Калі паглядзець на тавары, якія экспартуюцца з Беларусі ў Літву, то сотні мільёнаў — гэта дрэваапрацоўка. Гэта фактычна драўніна, якая ў выглядзе першаснай перапрацоўкі накіроўваецца ў Літву. І там ужо дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы робяць далейшую перапрацоўку і экспартуюць у краіны ЕС. Калі прыйдзецца, мы перакрыем гэты канал паставак. Дзе Літва будзе браць драўніну — пытанне».

Літоўскі эканаміст Аляксандр Ізгарадзін пацвярджае, што на гэты момант Літва залежыць ад паставак беларускай драўніны. Аднак не лічыць гэта крытычнай акалічнасцю:

«Летась гэтая катэгорыя займала другое месца ў структуры імпарту ўсіх тавараў з Беларусі ў Літву: каля 20% прадукцыі, якая ўвозілася з РБ, складала драўніна. Гэты аб'ём ацэньваўся ў 267 мільёнаў еўра.

Забарона беларускага экспарту сыравіны можа быць значнай для літоўскай дрэваапрацоўчай прамысловасці, паколькі мясцовыя прадпрыемствы залежаць ад імпарту гэтай сыравіны. Тым больш, што цяпер расце сусветны попыт на мэблю і іншую прадукцыю з дрэва.

Але драўніна не з'яўляецца ўнікальнай сыравінай, якая ёсць толькі ў Беларусі. Знайсці альтэрнатыву не будзе складаным: хутчэй за ўсё, у такім выпадку яе пачнуць пастаўляць з іншых краін постсавецкай прасторы, у першую чаргу — з Расіі і Украіны».

Фота са старонкі ў Facebook Аляксандра Ізгарадзіна

Фота са старонкі ў Facebook Аляксандра Ізгарадзіна

Як лічыць наш суразмоўца, дрэнная навіна для літоўскіх кампаній у тым, што ў выпадку забароны давядзецца хутка шукаць іншых пастаўшчыкоў. Аператыўна знайсці сыравіну па адэкватнай цане будзе няпроста. Гэта значыць, што цана на прадукцыю з дрэва вырасце.

«Цяпер сусветная эканоміка паказвае рост, які будзе працягвацца, — падкрэслівае Аляксандр Ізгарадзін. — Кітай у сакавіку-красавіку пачне актыўна стымуляваць эканоміку, і фокус будзе зроблены на будаўніцтве. Спажыванне і попыт на сыравіну будуць расці. А значыць, прыйдзецца шукаць іншыя варыянты і цэны будуць іншыя, чым у драўніны з Беларусі».

Дрэваапрацоўчая прамысловасць — адна з самых развітых галін эканомікі Літвы. Немалая яе частка завязаная на канцэрн IKEA: мясцовыя прадпрыемствы вырабляюць мэблю па схеме кантрактнай вытворчасці.

Паўстае пытанне: ці могуць пацярпець з-за дзеянняў беларускага боку інтарэсы трэціх краін?

«Не думаю, бо IKEA лёгка знойдзе іншых партнёраў, якія ці то будуць пастаўляць драўніну, ці то апрацоўваць яе, — упэўнены Аляксандр Ізгарадзін. — Паўтару, драўніна не з'яўляецца эксклюзіўным таварам. Альтэрнатыву можна будзе знайсці».

«У доўгатэрміновай жа перспектыве забарона можа паўплываць на беларускую эканоміку»

Нагадаем, увесь мінулы год паведамлялася аб актыўным высяканні лесу. Гэта відаць па эканамічных паказчыках: беларускі замежнагандлёвы цуд звязваюць з ростам сусветнага попыту на сыравіну, у лік якой уваходзіць драўніна. Ці не пацерпяць ад забароны на пастаўку драўніны ў Літву самі беларускія экспарцёры?

«У кароткатэрміновай перспектыве такой рызыкі я не бачу, — кажа Аляксандр Ізгарадзін. — Сусветная эканоміка знаходзіцца на піку, а рост, як прагназуецца, будзе доўжыцца мінімум да канца лета. У Еўропе і Амерыцы зніжаюцца кавідныя абмежаванні. А Кітай можа стаць альтэрнатыўным варыянтам для экспарту сыравіны, у тым ліку драўніны. У доўгатэрміновай жа перспектыве забарона можа паўплываць на беларускую эканоміку, якая вельмі залежыць ад экспарту».

«У спісе краін, куды Літва экспартуе тавары, Беларусь займае 28-е месца»

Падчас інтэрв'ю Раман Галоўчанка таксама згадаў пра забарону імпарту ў Беларусь аўтазапчастак і адзення second hand: «З Літвы ў вялікай колькасці ўвозяцца запасныя часткі, бэушнае адзенне. Мы проста адмовімся ад імпарту гэтых катэгорый. Куды яны павязуць далей?»

Значэнне гэтых гандлёвых пазіцый для літоўскай эканомікі перабольшанае, мяркуе Аляксандр Ізгарадзін:

«У спісе краін, куды Літва экспартуе тавары, Беларусь займае 28-е месца. Больш за ўсё ў РБ увозіцца пластыкаў, жалеза, прыбораў, кардону, паперы і электронікі. Аўтазапчасткі і адзенне займаюць не вядучыя пазіцыі. Не выключана, што некалькі кампаній у выніку такіх дзеянняў могуць пацярпець, але гэта не акажа вялікага эфекту на эканоміку Літвы».

Аднак з-за забароны могуць пацярпець звычайныя аўтааматары, якія заказвалі аўтамабільныя запчасткі ў Літве. Нягледзячы на закрытыя межы, магчымасць набыць бампер або капот заставалася. Зараз гэта можа быць забаронена.

«Але на эканоміцы гэта моцна не адаб’ецца, — лічыць эканаміст. — Калі беларускія кампаніі не змогуць імпартаваць некаторыя тавары з Літвы, то яны змогуць купляць іх у іншых краінах, напрыклад, у Польшчы. Каб спажыўцы адчулі рост цэн, трэба каб забарона была накладзеная на імпарт з усяго Еўрасаюза. Пакуль што гаворка ідзе толькі пра Літву».

На думку Аляксандра Ізгарадзіна, значна большы ўплыў на кан'юнктуру акажуць сусветная інфляцыя і рост цэн на кампаненты. А пагрозы ўрада Беларусі ў кароткатэрміновай перспектыве могуць яшчэ справакаваць павышэнне цэн на тавары.

«Летась калій складаў каля 8% ад імпарту»

Што ж тычыцца транзіту калію, то, мяркуючы па словах прэм'ер-міністра Беларусі, Мінск знайшоў новыя шляхі. Як ён запэўнівае, угнаенні будуць перавозіць праз Украіну і Расію.

Урад РБ неаднаразова сцвярджаў, што ад забароны найперш пацерпіць сама Літва. Дык як жа насамрэч?

«Сказаць аб ступені ўплыву на эканоміку Літвы пакуль складана — няма лічбаў, — адказвае Аляксандр Ізгарадзін. — Але калі глядзець на структуру імпарту, то больш за ўсё з Беларусі ўвозіцца нафты, драўніны, металаў і ўгнаенняў. А калій летась складаў каля 8% ад імпарту. Гэта сто мільёнаў еўра. З аднаго боку, сума немаленькая. З іншага — гэта закране толькі некалькі кампаній, як беларускіх, так і літоўскіх». 

Трэба меркаваць, што Літва пяройдзе на пастаўкі калію з іншых краін.

Чытайце яшчэ:

Колькі прадпрыемстваў давядзецца закрыць і што рабіць з кашалькамі Лукашэнкі? Эканамісты пра рэформы, якія чакаюць Беларусь

Колькі страціць «Беларуськалій» ад сыходу Yara? Спрабуем падлічыць

Як старыя і новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку і ці змогуць іх абысці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0