Картаплянікі з Клецкага раёна — гэта варэнікі з бульбай, але гатуюцца яны асаблівым чынам. Магчыма, гэты рэцэпт нават мае татарскія карані: на гэта ўказвае назва вёскі Арда Клецкага раёна Мінскай вобласці.

Інгрэдыенты:

Для начынкі: 1 кг бульбы, зваранай з лупінай (найбольш падыдзе старая бульба, таму звычайна картаплянікі гатуюць вясной), 1 сырое і 5 вараных яек, пучок зялёнай цыбулі, пучок кропу, соль.

Для цеста: шклянка мукі, сырое яйка, соль, 150 г вады.

Спосаб прыгатавання:

Начынка: Бульбу і яйкі абіраем ад лупінаў. Дробна наразаем цыбулю і кроп. Бульбу, яйкі, кроп і цыбулю скідаем у вялікую міску і дадаём солі на смак. Пачынаем секчы нажом адразу ў місцы, паступова пракручваючы яе па крузе. Увага: трэба не мяць, не таўчы, а менавіта секчы. Пасечаныя бульба і зеляніна будуць лепш захоўваць смак і водар. Пасля кожнага правароту міскі сумесь перамешваем. Працягваем, пакуль не атрымаецца вельмі дробна пасечаная, амаль аднародная маса. Дадаём сырое яйка для вязкасці і зноў перамешваем. Сумесь павінна нагадваць амаль суцэльны бульбяны камячок.

Цеста: Змешваем муку, ваду і яйка, дадаём солі на смак. Месім і, галоўнае, сочым, каб цеста атрымалася не рэдкім. Накрываем цеста ручніком і даём яму крыху пастаяць (хвілін 20). Раскачваем цеста, а пасля шклянкай выразаем у ім кружочкі. Кладзём на кружочкі бульбяную сумесь і заварочваем усё гэта як пельмені або варэнікі. Картаплянікі варым у крыху падсоленай вадзе да гатоўнасці.

Найбольш смачна есці картаплянікі крыху падстылымі, мачаючы іх у растопленае масла.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?