Журналісты расійскага дзяржаўнага тэлеканала Расія-1 таемна знялі на камеру сябраў таварыства «Сведкі Іеговы», што знаходзіцца ў цэнтры Таліна, пасля чаго абсмяялі іх у тэлеэфіры, паведамляе ERR.

У Расіі дзейнасць «Сведак Іеговых» забароненая і прызнана супрацьзаконнай, таму многія члены таварыства перабраліся ў Еўропу. Крэмль лічыць неабходным выкрываць і дэманізаваць дзейнасць арганізацыі ў кантраляванай з боку дзяржавы расійскай медыйнай прасторы.

Рэпарцёры тэлеканала Расія-1 Алена Ярафеева і Павел Кострыкаў прыбылі ў Шэнгенскую прастору з Расіі ў Фінляндыю з візамі, атрыманымі ў пасольствах Італіі і Францыі, пасля чаго прыплылі на пароме ў Эстонію.

Паколькі яны ведалі пра неадпаведнасць сваёй дзейнасці журналісцкім прынцыпам, то прыхоўвалі рэальныя мэты сваёй паездкі і імкнуліся не прыцягваць увагі эстонскіх ведамстваў да сваёй дзейнасці. Адзняты кліп выкарыстоўваўся ў тэлерэпартажы, у які таксама былі ўключаныя знятыя ў Фінляндыі кліпы такога ж характару.

Міністэрства ўнутраных спраў Эстоніі забараніла абодвум журналістам уезд у шэнгенскую зону на пяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0