Прадстаўнікі Незалежнага прафаюза гарнякоў заяўляюць, што сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам на сваіх сяброў. Арганізацыю за два месяцы пакінула больш за 600 чалавек!

Незалежны прафсаюз гарнякоў, які дзейнічае на прадпрыемстве «Беларуськалій», уваходзіць у склад Беларускага незалежнага прафсаюза. Праблемы пачаліся яшчэ летась, калі ў асобнае прадпрыемства быў выведзены трэст «Раммантажбуд». На гэтым прадпрыемстве была патрэба зарэгістраваць ячэйку БНП. Улады двойчы адмаўлялі ў рэгістрацыі, прафсаюзнікі пісалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, у міжнародныя інстытуты, і толькі тады салігорскія гарадскія ўлады далі згоду на рэгістрацыю. Агулам на гэтае змаганне было патрачана восем месяцаў.

Праўда, выглядае, што на гэтым улады не спыніліся. І тут пачаўся працэс вываду сяброў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў з шэрагаў арганізацыі. Кіраўнік НПГ Сяргей Чаркасаў кажа, што перш за ўсё гэта тычыцца тых людзей, якія ўваходзілі адначасова ў склад і незалежнага, і праўладнага прафсаюзаў.

«Для мяне гэта можа быць і дзіўным, але мы не супраць, каб людзі былі адразу ў двух прафсаюзах. Афіцыйны ж прафсаюз заявіў, што супраць сяброўства адразу ў двух арганізацыях. Толькі за 31 сакавіка з ліку НПГ было выведзена 200 чалавек!», — расказвае кіраўнік НПГ Сяргей Чаркасаў.

Па ягоных словах, ціснуць дастаткова стандартна: кантракты, пераводы, кажуць, што не павысяць на працы. Кіраўніцтва НПГ звярталася да гендырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага, але ён захоўвае поўнае маўчанне.

На гэты момант з ліку сяброў НПГ было выведзена 600 чалавек з 4000, якія былі сябрамі арганізацыі раней. На пярвічцы БНП на «Раммантажбудзе» сітуацыя падобная, там шэрагі арганізацыі пакінула 180 чалавек. Гэта амаль палова сяброў.

Кіраўніцтва Незалежнага прафсаюзу гарнякоў кажа, што звяртаецца ў міжнародныя структуры з гэтым пытаннем.

Яны не выключаюць, што будуць прасіць візавых абмежаванняў супраць людзей, якія ціснуць на прафсаюз.

Па словах Сяргея Чаркасава, пра сітуацыю ў Салігорску з першых вуснаў чула міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, але яна лічыць за лепшае захоўваць маўчанне ў сітуацыі.

Таксама рыхтуецца зварот у Генеральную пракуратуру, каб ведамства ацанілі дзейнасць кіраўніцтва «Беларуськалія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?