Знікненне блізкага чалавека — вялікая бяда. Але бяда прыцягвае не толькі тых, хто хто хоча дапамагчы, але і махляроў.

Апошнім часам да беларусаў, чые сваякі зніклі, пачаў выходзіць на кантакт расіянін Нікалай Насенка, ён жа «Нікалай Ангел», ён жа кіраўнік «Цэнтра энерга-інфармацыйнага пошуку людзей». Насенка пазіцыянуе сабе як «экстрасэнса» і абяцае дапамагчы ў пошуках. Натуральна, не бясплатна.

«Экстрасэнс» Насенка

«Экстрасэнс» Насенка

Увагу на дзейнасць «экстрасэнса» звярнуў Віктар Кудраўцаў, стваральнік гомельскага пошукавага атрада «Сімуран».

Па словах Кудраўцава, Насенка прафесійна маніторыць суполкі па пошуку людзей і ў Расіі, і ў Беларусі. Пасля пачынае пісаць, што «бачыць» чалавека жывым ці мёртвым. За падрабязнасці пачынае прасіць грошы. Стаўка за сеанс — 20 тысяч расійскіх рублёў (гэта каля 300 даляраў).

Скрыншот з перапіскі Віктара Кудраўцава з «экстрасэнсам»

Скрыншот з перапіскі Віктара Кудраўцава з «экстрасэнсам»

Падрабязней у эмацыйным допісе самога Кудраўцава.

На жаль, «магічная дапамога» — пастаянны спадарожнік пошукаў зніклых людзей. Праўда, вынікаў яна не дае.

«Пішуць пастаянна. Мы лічым, што гэтыя «экстрасэнсы» проста хворыя людзі. Яшчэ ніводзін не дапамог. Гэта камерсанты, якія хочуць зарабіць на чужым горы грошы», — тлумачаць у пошукавым атрадзе «ЦэнтрСпас».

На сваёй старонцы «Укантакце» Насенка чаргуе допісы пра крымінальныя серыялы з самаробнымі малітвамі, выявамі святых, разважаннямі пра біяполе і лячэнне вадой.

Аднойчы Насенка нібыта здагадаўся пра датычнага да знікнення дзяўчыны. Пасля пра яго адразу ж напісала прэса.

Праўда, валанцёры з пошукавых атрадаў кажуць, што схема працы «экстрасэнса» простая. З розных акаўнтаў ён піша розныя версіі: то «бачыць» чалавека жывым, то, хутчэй, памерлым. Пасля і прад’яўляе версію, якая супала: маўляў, я ж гаварыў!

Сам Насенка паведамляў, што яму 56 гадоў, жыве ў Томску, мае жонку і двух дзяцей. Па адукацыі — тэхнік-механік машынных установак.

Магічныя здольнасці праявіліся ў яго нібыта з’явіліся пасля дарожнай аварыі. У 21 год ён пражываў на тэрыторыі цяперашняга Туркменістана.

«Я ехаў на мапедзе, загледзеўся на хлопчыкаў ды дзяўчынак і не заўважыў, як ззаду мяне абганяе КамАЗ … Потым бацька мне казаў: «Цябе Бог выратаваў». Я атрымаў моцнае страсенне мазгоў; пакуль мяне везла хуткая, я некалькі разоў «сыходзіў», губляў прытомнасць», — расказваў Насенка журналістам.

«Жыццё Мікалая не назавеш простым. Напрыклад, ён ведае дакладны ўзрост, у якім ён адправіцца ў іншы свет, — гэта 79 гадоў. На пытанне, як яму жывецца з такім веданнем, ён спакойна адказвае: «Чаму быць, таго не абмінуць, усе падзеі ў нашым лёсе перадвызначаныя». Мікалай бачыць смерць не толькі сваю, але і людзей з асяроддзя», — пісала іркуцкае выданне «Без фармата».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0