Больш за паўгода таму Уладзімір Карачэўскі пакінуў месца дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дзе дасягнуў заўважных поспехаў, і прыйшоў на пасаду дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм». Кінастудыя з разбітай рэпутацыяй, шэрагам скандалаў, правальным кінапрадуктам, якая ўсё яшчэ ўвасабляе беларускі кінематограф, — складаная спадчына. Але новы дырэктар адразу даў зразумець, што мае даволі ёмкія і кардынальныя прапановы па развіцці ўстановы, пацвердзіў, што яго кіраўніцтва будзе дзейсным і пакрыху пачаў расказваць аб дасягнутых поспехах. Стала вядома пра дамоўленасці аб капрадукцыі з партнёрамі з Кітая, Польшчы і Казахстана, пра асобныя перамогі адносна канкрэтных фільмаў, распрацаваны кінамаршрут, агульны праект з Кінавідэапракатам, у рамках якога на вялікім экране будуць паказвацца беларускія стужкі, такім чынам нагадваючы пра слаўнае мінулае «Беларусьфільма». Але што ў будучыні, якім будзе кіно нацыянальнай «кінафабрыкі», ці магчыма пераадолець сістэмныя недахопы і падладзіцца пад існуючыя правілы — пра гэта газета «Звязда» паразмаўляла ўласна з самім Уладзімірам Карачэўскім.

— Уладзімір Міхайлавіч, як гэта: перайсці з мабільнай сферы тэатра ў маларухомую кінаіндустрыю?

— Складана. Тэатр гарантавана фінансуецца на 70 працэнтаў, а ў кінастудыі іншыя ўмовы жыцця і формы існавання — яна з'яўляецца дзяржаўнай, але камерцыйнай установай. Тэатр невялічкі — а тут іншыя аб'ёмы. «Беларусьфільм» — і вы пра гэта пісалі — знаходзіцца ў складаным становішчы, яму даўно патрэбны сістэмныя рэформы. Нельга проста атрымаць ад дзяржавы грошы і зняць вялікае кіно, бо, апроч іншага, кінастудыя — гэта людзі, маркетынг, дыстрыбуцыя, магчымасці, імідж. Цяпер, каб дагнаць кінаіндустрыю іншых краін, мы павінны ісці сямімільнымі крокамі. Доўгі час мы не задумваліся, як развівацца, якое кіно патрэбна Беларусі, як існаваць у канкрэтных эканамічных і геапалітычных умовах, якая ў кінастудыі звышзадача. Таму мне прыходзіцца быць рэфарматарам, шукаць правільны шлях, нешта рабіць упершыню, працаваць метадам спроб і памылак, бо сённяшняя мадэль больш падыходзіць для вялікай краіны і гарантаванага фінансавання.

— Вы для сябе ўжо вызначылі звышзадачу? Калі ў тэатры вы адказвалі за частку тэатральнай сферы, то цяпер — з той нагоды, што «Беларусьфільм» з'яўляецца ў пэўным сэнсе манапалістам — за ўвесь беларускі кінематограф.

— Пры ўсіх кінападзеях, што ў нас адбываюцца, «Беларусьфільм» сапраўды застаецца галоўным кінавытворцам, а стратэгіі развіцця для яго так і няма. На першае месца я цяпер стаўлю вяртанне добрага іміджу, стварэнне вартых увагі кінапраектаў і агульную фінансавую сітуацыю. Правілы гульні памяняліся: развіццё нацыянальных эканомік, канфлікты паміж суседзямі моцна ўплываюць на нашу мадэль існавання. Мы ўсё думаем, што будзе як раней: да нас будуць прыязджаць здымаць, а мы — добра жыць. Трэба зразумець, якая ніша ў беларускага кіно і якой яна можа быць, калі арыентавацца на капрадукцыю і продаж за мяжу. Сказаць, што мы павінны быць фабрыкай, нельга. Што павінны займацца выключна падтрымкай беларускіх кінапраектаў — таксама. Кінастудыі трэба стаць кінацэнтрам, месцам, дзе жыве кіно. Дзе не толькі робяць паслугі і здымаюць фільмы, але і думаюць, якое кіно патрэбна беларускаму гледачу, як нармальна працаваць з замежнымі прадзюсарамі. Літаральна ў найбліжэйшыя месяцы нам трэба правесці шэраг рэформ і стварыць прэферэнцыі для кінавытворцаў, каб яны больш актыўна прыходзілі да нас. Суседнія краіны пачынаюць абараняць свае інтарэсы, пакідаць фінансы ў сябе, і мы аказваемся неканкурэнтаздольнымі. Наш рынак недастатковы для існавання такой вялікай кінастудыі, і мы павінны гэта ўлічваць.

— Дагэтуль у міжнародных праектах кінастудыя часцей за ўсё ўдзельнічала сваёй вытворчай базай. Між тым вы ўжо расказалі пра дамоўленасці аб капрадукцыі з Кітаем, Польшчай і Казахстанам.

— Украіна таксама прапануе нам супрацу над вельмі цікавым фільмам, у Кітай мы ўжо адправілі свае ідэі і чакаем адказ. Капрадукцыя для нас — магчымасць у тым ліку выйсці на новыя рынкі, я хачу, каб кінастудыя заявіла пра сябе як партнёр хай з маленькай краіны, але надзейны, адказны і прафесійны. Умовы, на якіх мы ўваходзім у міжнародныя праекты, — для мяне вельмі актуальная тэма, мне цікава быць максімальна раўнапраўным партнёрам, — быць дойнай каровай я не хачу. Не адмаўляю, што, калі гэта стане выгадна кінастудыі, буду працаваць і з буйнымі гульцамі, такімі як Цімур Бекмамбетаў і Валерый Тадароўскі. Таму што гэта бізнес, магчымасць паўдзельнічаць у сур'ёзных праектах і нечаму навучыцца.

— Ці можаце вы ўжо сказаць, чаго не хапае ў нашай заканадаўчай базе? Якіх рашэнняў на дзяржаўным узроўні, каб стварыць прывабныя ўмовы для замежных калег?

— Зараз у Міністэрстве культуры і іншых дзяржаўных органах я распрацоўваю пытанне, наколькі магчыма стварыць для кінастудыі такія ўмовы, каб скараціць агульныя расходы «Беларусьфільма», зрабіць больш канкурэнтаздольныя цэны і забяспечыць прэферэнцыі для тых, хто прыходзіць сюды здымаць. Калі ў нас няма сістэмы рыбэйту, якая вяртае кінавытворцам частку грошай за здымкі ў канкрэтным рэгіёне, мы павінны стварыць больш гібкую сістэму цэнаўтварэння і зніжак. Зараз мы пералічваем усю эканоміку кінастудыі, глядзім, як дзяржава можа паўплываць на скарачэнне расходаў на ўтрыманне кінастудыі, магчыма, за кошт скасавання пэўных падаткаў. Мінкульт ужо падтрымаў нас, калі мы знізілі тарыф на арэнду памяшканняў. У выніку асноўныя гульцы, беларускія кампаніі, у тым ліку тыя, што прадстаўляюць інтарэсы замежных калег, арандавалі ў нас памяшканні. Калі шчыра, гэтым трэба было займацца крыху раней. Мы таксама пачалі ўнутраную рэструктурызацыю, глядзім на эфектыўнасць работы нашых службаў. Кожнае буйное падраздзяленне — натурпляцоўку, аўтабазу — трэба зрабіць максімальна эфектыўным і для кожнага скласці асобны бізнес-план. Працаваць трэба больш дынамічна, змагацца за кожнага кліента.

— Ці ёсць у кінастудыі ўласныя сродкі, з якімі яна можа ўвайсці ў ка-прадукцыю?

— Абаротных сродкаў у нас цяпер няма, разам з тым у нас дастаткова рэсурсаў, каб здымаць кіно, ёсць цэхі, тэхніка, рэквізіт, прафесіяналы, якіх нельга страціць.

— Рэструктурызацыя, пералік эканомікі і стварэнне ўмоў для капрадукцыі. Пра якія яшчэ рэформы можа ісці гаворка?

— Мы павінны дакладна зразумець, якое кіно мы здольны ствараць і якое кіно запатрабавана. Ці гатовы мы брацца за блокбастары альбо ў нас іншая ніша? Шчыра скажу, наш сцэнарны партфель пры ўсёй колькасці ідэй мяне засмучае. Я ўпэўніўся, што адной ідэі мала, яна павінна быць распрацавана і даведзена да ўзроўню кінасцэнарыя, а людзей, якія могуць напісаць кінасцэнарый, недастаткова. Чаму мы і атрымліваем кандовыя фільмы з кандовымі дыялогамі, не буду адмаўляць, у тым ліку на «Беларусьфільме». Ідэй прыносяць даволі, але шмат з іх другасныя, арыгінальных вельмі мала, прыносяць будучыя фільмы-аднадзёнкі, праекты, каб папіярыцца, разлічаныя на нейкую канкрэтную аўдыторыю гісторыі. Трэба зрабіць так, каб кінастудыя нарэшце абнуліла ўсе свае праблемы і пачала з чыстага ліста. Пакуль што я разбіраюся з чужымі праблемамі, шмат фінансавых, кадравых, іміджавых пытанняў, адсутнасць абаротных сродкаў на развіццё бізнесу тармозяць мяне.

— Думаю, адной з тых рэчаў, што цягнуць вас назад, з'яўляецца імідж кінастудыі як бюракратызаванай структуры. Магчыма, гэта ўплывае і на сцэнарны партфель, бо некаторыя папросту не прыходзяць на кінастудыю, бо чакаюць ад яе праблем.

— Так, сістэма не гнуткая, я ведаю гэта і агучваю свае прапановы. Я не маю права расказваць пра ўсе планы, але ў мяне ёсць шэраг ідэй па стварэнні на кінастудыі прывабных умоў для кінавытворцаў. Гэтае пытанне вырашаецца ў іншых кабінетах. Усё можна змяніць, толькі мне, як дырэктару, не трэба хаваць галаву ў пясок і гаварыць аб праблемах там, дзе пра іх трэба гаварыць. Спадзяюся, мяне пачуюць, перадумовы для перамен ёсць.

— За апошні час на «Беларусьфільме» былі створаны цэлыя дзве «юбілейныя» работы. У 2016 годзе «Сляды на вадзе», прысвечаныя стагоддзю беларускай міліцыі, былі ўвогуле адзінай карцінай, знятай за год. Не так даўно быў прэзентаваны чыста ідэалагічны фільм «Не гульня» да стагоддзя Узброеных Сіл, на які патрацілася не Міністэрства абароны, а Міністэрства культуры. Як вы будзеце працаваць з заказным кіно?

— На мой погляд, датычна гэтых праектаў трэба было дамаўляцца яшчэ на беразе, што гэта за кіно, для якой аўдыторыі і што з ім рабіць. Не магу сказаць, што ўсё так безнадзейна, нават гэтыя фільмы знаходзяць свайго гледача. Тыя ж «Сляды на вадзе» прымаюць удзел у фестывалях, правы на паказ пачалі пакупаць у іншых краінах. З «Не гульнёй» складаней: карціна больш для ўнутранага карыстання. Думаю, кінастудыі трэба памяняць тактыку ў такога кшталту ўзаемаадносінах, дамаўляцца такім чынам, каб вынікам маглі скарыстацца ўсе. Многія рэчы вырашаюцца да старту: у вайне, як кажуць, можна перамагчы, нават яе не пачаўшы.

— Што адбываецца з серыялам «Трымайся за аблокі», які быццам кануў у Лету?

— Фільм завершаны, мы разлічваемся з усімі стваральнікамі, атрымліваем матэрыялы. Я сабраў усе звязаныя з серыялам праблемы ў кучу, распрацаваў алгарытм іх вырашэння, мы вызначылі лёс серыяла. Спадзяюся, гэтай восенню ён будзе паказаны.

— Чаму яго выхад так затрымаўся?

— Я не буду каментаваць. Вакол кінастудыі і без таго шмат негатыўных размоў.

Я хачу перагарнуць старонку і пачаць наноў. На «Беларусьфільме» працуе шмат выдатных, цікавых людзей, якія хочуць для студыі найлепшага, яны не заслугоўваюць таго, каб іх работу ганілі. Мы павінны перазагрузіцца, знайсці сваё месца і зразумець, як будзем існаваць. Прынамсі, я пачаў вызначаць гэты шлях. Першыя тры месяца было вельмі складана. Не тое каб ахоплівала паніка, але было шмат сумненняў. Цяпер намеціўся пэўны план дзеянняў. Але пакуль не выйдуць першыя фільмы, не запрацуюць рэформы, не асвоіцца новы склад каманды, рана казаць пра яго эфектыўнасць.

— Мы перагарнулі старонку і атрымалі добрыя навіны. Пра экранізацыю Людмілы Рублеўскай, капрадукцыю і, канешне, карціна пра Янку Купалу. Але негатыўныя абмеркаванні вакол нацыянальнага фільма ўсё роўна з'явіліся. Пра той факт, напрыклад, што рэжысёр будучай стужкі пра народнага паэта больш вядомы як кліпмейкер.

— Скажыце, калі ласка, навошта ставіць ярлыкі? Уладзімір Янкоўскі працаваў не толькі як кліпмейкер, але і рэжысёр мастацкіх стужак, серыялаў, ён даўно ў кінаіндустрыі. Таксама і са мной: па першай адукацыі я баяніст, так гэта за мной і ідзе, ніхто не задаецца пытаннем пра другую адукацыю рэжысёра святаў, не ведае, што я арганізоўваў маштабныя мерапрыемствы, а некаторыя мае песні дагэтуль гучаць на радыё, што некалі я даваў сольныя канцэрты і ў сферы культуры ніхто з маіх знаёмых не пераходзіць цераз дарогу. Мне таксама казалі, што ў РТБД я ўсё зруйную, а ў выніку журналісты напісалі, што адной з найбольш сумных падзей тэатральнага года быў мой сыход з тэатра. Уладзімір Янкоўскі паходзіць з дзіўнай, таленавітай сям'і, ён і сам таленавіты. Да таго ж ён беларус, зацікаўлены ў праекце, пры тым, што працуе за не такія вялікія грошы, і я бачу яго сур'ёзны падыход. Прынамсі, пытанне ці павінна гучаць беларуская мова ў фільме альбо не, нават не абмяркоўваецца.

— Пытанне мовы таксама фігуравала ў СМІ.

— Дзеянне фільма адбываецца не толькі ў Беларусі, але таксама і ў Польшчы і Расіі, таму мовы будуць гучаць розныя. Рэжысёрская задума ў тым, каб паказаць гэтую разнастайнасць. Частка, якая датычыцца Беларусі, будзе на беларускай мове, вершы Купалы таксама будуць гучаць па-беларуску. Мне падаецца, гэты фільм — важны, патрэбны і своечасовы. Ва ўсіх краінах ідзе хваля самаідэнтыфікацыі, а Янка Купала — адзін з нашых неаспрэчных аўтарытэтаў для ўсіх слаёў грамадства. Ніхто не скажа, што паэт не з'яўляецца брэндам нашай краіны. Я «люблю» нашу інтэрнэт-суполку так, што з некаторых часоў нават перастаў яе чытаць з-за гэтай прывычкі троліць і ствараць ажыятаж, да канца не ведаючы праўды. Для мяне тое, што там пішуць, не паказчык. Мы ўсе хочам атрымаць кіно як пры капіталізме, а жыць — як пры сацыялізме. Хочам гарантый — «дзяржава павінна і абавязана», а паспрабуй падлічы, колькі за восем гадзін ты эфектыўна працуеш і ці напрацоўваеш нават за гэтыя 300 долараў. Калі разабрацца, апроч вытворчасці кінастудыі трэба плаціць падаткі, за электраэнергію, за прыбіранне тэрыторыі, нарэшце, заробкі людзям, бо ім трэба за нешта жыць. Альбо трэба было даўно закрыць «Беларусьфільм» і хай бы працавалі прыватнікі. Але калі ўжо ў нас ёсць такі стратэгічны аб'ект, трэба думаць, як яму жыць.

— Атрымліваецца, кінастудыя апроч сваёй асноўнай функцыі служыць для таго, каб стварыць працоўныя месцы.

— Канешне, а як інакш. Што мне, усіх на вуліцу выгнаць? У нас кажуць, фільмы дарагія, паслугі кінастудыі нятанныя. Дык з чаго складаюцца студыйныя расходы?.. Чаму мы беларусы такія злыя, так не любім сваё? Я адкрыў тэксты пра тое, што мы будзем займацца кінатурызмам, пачытаў каментарыі і закрыў. Паўсюль — у Галівудзе, Маскве, Лодзі — гэта нармальная з'ява, а ў нас выклікае нейкае непрыманне.

— Ці збіраецеся вы падтрымліваць маладых аўтараў?

— Людзі ўжо прыходзяць да мяне з рознымі ідэямі і прапановамі. Нават для тых, хто ў бок кінастудыі робіць тыя ці іншыя выпады, дзверы адчынены. Я адразу аб'явіў адкрытую палітыку, і людзі пайшлі — ужо разглядаем, як і каго падтрымаць. Неабавязкова грашыма. Потым у нас ёсць даволі цікавыя вынікі па завяршэнні здымак альманаха «Вайна. Застацца чалавекам», што выйдзе ў лістападзе. Для сябе я зрабіў некалькі прыемных адкрыццяў: на некаторых рэжысёраў можна рабіць стаўку, мы іх, канешне, прыцягнем да далейшай працы.

— Сёння прагучала, што мы павінны вызначыцца, на якія праекты арыентуецца кінастудыя. Вы можаце сказаць, якога кіно нам цяпер чакаць ад «Беларусьфільма»?

— Мы павінны рабіць кіно, якое адлюстроўвала б нашу нацыянальную асаблівасць. У мяне ёсць пара цікавых праектаў, дзе гаворыцца пра нас, нашу мову, гісторыю, характар. Я не кажу пра дарагія фільмы, яны могуць быць розныя, мы можам прасоўваць іх на кінафестывалі. Потым мы павінны ўдзельнічаць у міжнародных праектах і прадстаўляць сябе як надзейнага партнёра, цывілізаваную еўрапейскую краіну са сваёй гісторыяй кіно і прафесіянальнай школай. Нарэшце, камерцыйныя праекты. Тэрмінова шукаем нестандартную капрадукцыю, магчыма, з Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіяй, гэта можа быць Паўночная Амерыка, Заходняя і Усходняя Еўропа, каб быў іміджавы поспех і фінансавыя дывідэнды, а нашу краіну пазналі праз кіно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?