Курэнне і спажыванне мяса мае аднолькавы ўплыў на навакольнае асяроддзе і здароўе грамадства: вытворчасць мяса пагаршае навакольнае асяроддзе праз выкіды парніковых газаў і выкарыстанне непрапарцыйна вялікае колькасці зямлі і вады на вытворчасць адзінкі бялку, а курэнне прыводзіць да вялікіх выдаткаў на ахову здароўя, якія кладуцца на плечы грамадства. 

У дакладзе аналітыкі прапануюць затраты на барацьбу з негатыўным уплывам жывёлагадоўлі пакласці на тых, хто спажывае прадукцыю гэтай галіны прамысловасці, па аналогіі з курцамі, якія плацяць адпаведны падатак, закладзены ў пачак цыгарэт.

Ідэя так званага «падатку на мяса» палягае ў тым, што, калі гамбургер будзе каштаваць як талерка ікры, мясаед лішні раз падумае над тым, каб скарыстацца больш танным вегетарыянскім меню.

«Мы лічым, што кожны мае права на здаровую і сытную дыету, і ў ідэале гэта [падатак на мяса] мае садзейнічаць больш хуткаму пераходу да ўжывання раслінных бялкоў, якія карыснейшыя для людзей і менш шкодныя для планеты», — распавядае спадарыня Розі Уордл, кіраўніца аддзелу інвестыцыйных праектаў Ініцыятывы па ацэнцы рызыкаў інвестыцый у жывёлагадоўчыя фермы (FAIRR).

Падчас аналізу даследаваліся тры асноўныя прадукты, абкладанне падаткам якіх паспяхова рэалізаванае ўрадамі розных краін, і разглядалася магчымасць далучэння мяса чацвёртым у гэты спіс.

Больш як 180 краін ужо ўвялі падатак на тытунёвыя вырабы, 60 — распрацавалі схему спагнання падатку на выкіды вугляроду, а падатак на цукар спаганяецца як мінімум у 25 краінах. 

«Новы падатак будзе генераваць грошы, якія могуць быць патрачаныя на ахову здароўя, — лічыць пані Уордл. — Пакуль ніякіх захадаў не прымаецца ў гэтым кірунку, але мы бачым, што падобныя прапановы ўзнікаюць усё часцей, і гэтая тэма становіцца прадметам дыскусій».

Армія мясаедаў расце

Фота: franzl34/Pixabay

Фота: franzl34/Pixabay

Паўночныя краіны, такія як Данія і Швецыя, сталі аднымі з першых, хто прызнаў, што пагроза бескантрольнага ўжывання мяса, выкліканая імклівым ростам сусветнага насельніцтва, нарастае.

У 2016 годзе Дацкая рада па этыцы прапанавала ўвесці падатак на мяса праз негатыўны ўплыў яго вытворчасці на экалогію. У Швецыі партыя зялёных таксама заклікала да ўвядзення «кліматычнага падатку на мяса» і прапаноўвала прымацоўваць да прадуктаў адпаведныя лэйблы, якія б паведамлялі пра негатыўны ўплыў іх вытворчасці на экалогію.

Згодна з праектам Оксфардскага ўніверсітэта «Наш свет у фактах», з 1961 года сусветная вытворчасць мяса вырасла амаль у пяць разоў, у прыватнасці ў Азіі — ажно ў 15 разоў. Зараз у адной толькі Азіі вырабляецца ад 40 да 45 адсоткаў сусветнай колькасці мяса, і, паводле прагнозаў, гэтая лічба будзе толькі расці. 

Пагрозы, звязаныя з гэтай тэндэнцыяй, больш складаныя, чым пагрозы, звязаныя з вытворчасцю і спажываннем тытуню, вугляроду і цукру.

Жывёлагадоўля з'яўляецца не толькі вялікай крыніцай выкідаў вуглякіслага газу: празмернае спажыванне мяса звязана таксама з павышэннем рызыкі развіцця дыябету, раку і распаўсюджвання рэзістэнтнасці (устойлівасці арганізму) да антыбіётыкаў.

Аднак умеранае ўжыванне мяса зусім не шкодзіць здароўю. Акрамя таго, у месцах, дзе голад і недаяданне ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя, увядзенне ў рацыён большай колькасці ялавічыны, свініны ці птушкі будзе мець бясспрэчныя перавагі для здароўя.

Павышаючы кошт мяса, павышаем сацыяльную няроўнасць

«Спажыўцы адрэагуюць на змяненне кошту [мяса і прадуктаў з яго] па-рознаму, — лічыць спадар Ёзэф Шмідгубер, намеснік дырэктара аддзела гандлю Арганізацыі харчавання і сельскае гаспадаркі (FAO). — Некаторыя будуць адаптаваць свой рацыён [спажываючы менш мяса і больш раслінных прадуктаў], іншыя ж будуць прытрымлівацца ранейшых звычак».

Павышэнне цэнаў на мяса адаб’ецца ў першую чаргу на больш бедных людзях і прывядзе да змяншэння яго спажывання.

«І гэта кепска, бо вы караеце тых, хто мае патрэбу ў павелічэнні спажывання мяса. Мы называем гэтую мадэль рэгрэсіўным падаткам», — кажа спадар Шмідгубер. З адваротнага боку, на спажыванне мяса сярод заможных людзей павелічэнне коштаў ніяк не паўплывае, бо ў іх заўсёды ёсць лішнія грошы, у тым ліку на больш якаснае мяса. 

Такім чынам, падатак ніяк не паўплывае на тую групу людзей, якая найбольш уплывае на пагаршэнне сітуацыі.

Больш мяккі падыход да вырашэння праблемы закладзены ў адну з тэорый, за якую эканаміст Рычард Талер атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2017 годзе. Яна прадугледжвае, што, замест пакарання людзей [грашыма] за няправільны выбар, мы маглі б аблягчыць ім рабіць правільны.

У выпадку з мясам гэта можна рэалізаваць, прапанаваўшы замену, якая будзе дастаткова блізкая да мясной прадукцыі па смаку, харчовай каштоўнасці і кошце, каб людзі маглі без роздуму перайсці да яе спажывання. І такія тэхналогіі ўжо існуюць, што праўда, праблема іх высокага кошту ўсё яшчэ не вырашаная. 

Чытайце таксама: Як генетыкі ствараюць штучнае мяса, што не адрозніць ад сапраўднага

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?