Год таму петыцыю з заклікам «заканадаўча забараніць выкарыстоўванне жывёл у цырку» размясцілі на сайце інтэрнэт-прадстаўніцтва прэзідэнта Украіны, а днямі стала вядома, што Дзярждума Расіі на ліпень запланавала разгляд законапраекта аб адказным абыходжанні з жывёламі, які ў тым ліку прапануе забараніць перасоўныя цыркі з імі. А што ў нас?

Зоаабаронца Людміла Лагіноўская: «Большасць беларусаў не бачыць у гэтым праблемы»

Беларускія «зялёныя» не толькі займаюцца тэматычнымі групамі ды сайтамі, але і дасылаюць лісты ў дзяржаўныя органы ды праводзяць акцыі. Можа, хто згадае адзін з апошніх гучных перформансаў: летась актывісты рухаў «Экалагічны пошуг» і «Цана жыцця» сталі каля галоўнага ўваходу ў Белдзяржцырк з плакатамі «Вашы забавы — іх пакуты», «Не бывае дрэсуры без пабояў» і гэтак далей. А Цэнтр этычных адносін да прыроды звярнуўся ў Міністэрства культуры і ва ўсе айчынныя цыркі з афіцыйнымі лістамі з просьбай аб пераглядзе канцэпцыі цыркавых прадстаўленняў такім чынам, каб выключыць нумары з дрэсіраванымі жывёламі.

Фота: greenbelarus.info.

Фота: greenbelarus.info.

Відавочна, што ініцыятывы ніякіх вынікаў не далі. Так, з мая ў тым жа Белдзяржцырку ідзе новая праграма «Небыліца», дзе мядзведзі і сабакі катаюцца на буйвалах, як на таксі, а казлы скачуць адзін пра аднаго, быццам заведзеныя.

Праграма «Небыліца», фота: circus.by.

Праграма «Небыліца», фота: circus.by.

Дырэктар Цэнтра этычных адносін да прыроды Людміла Лагіноўская расказала «НН», што на іх лісты, якія былі адасланы ў 10 беларускіх цыркаў і асобна ў Міністэрства культуры, адказаў толькі Гомельскі дзяржаўны цырк:

«Дырэкцыя цырка палічыла нашу прапанову ледзь не здзекам. На іх погляд, адмовіцца ад жывёлак у цырках — гэта вар’яцкая ідэя, бо такія прадстаўленні з’яўляюцца часткай нашай постсавецкай культуры, ад якой яны не збіраюцца адмаўляцца. З міністэрства ж прыйшла стандартная адпіска пра тое, што зараз абмяркоўваецца праект закона аб абыходжанні з жывёламі, і наша прапанова нібыта будзе там ўлічаная».

Але Людміла скептычна глядзіць на тое, што ў заканадаўстве па гэтай тэме нешта зменіцца:

«Для таго, каб адбыліся мінімальныя рэформы, павінна існаваць моцнае грамадскае меркаванне, актывізм. Аднак большасць нашых людзей спакойна наведваюць цыркі, для іх у гэтым няма ніякіх праблем. Хвалююцца за жывёл толькі зоаабаронцы і больш-менш неабыякавыя людзі — гэта вельмі маленькі адсотак ад агульнай колькасці насельніцтва. Таму я не думаю, што нешта ў нашай краіне ў бліжэйшыя гады зменіцца: на жаль, мы адсталыя ў такіх момантах».

Не верыць спадарыня Лагіноўская і ў тое, што да міжнароднай кампаніі па зоабароне на выкарыстоўванне жывёл у цырках далучыцца і Расія з Украінай, бо, на яе погляд, у першай краіне на фоне моцнай цыркавой індустрыі пануе карупцыя, а ва Украіне тая ж самая сетка дэльфінарыяў «Нэма», напрыклад, прыносіць дзяржаве занадта добрыя грошы, каб ад яе адмаўляцца.

Дэпутат Юрый Дарагакупец: «Дзе факты, якія б дэманстравалі, што ў беларускіх цырках з жывёламі абыходзяцца дрэнна?»

У новым законапраекце «Аб абыходжанні з жывёламі», які знаходзіцца на абмеркаванні ўжо не першы год і канчатковы варыянт якога ніяк не могуць прыняць, ёсць асобны пункт пра жывёл, што выкарыстоўваюцца ў культурнай дзейнасці: у заапарках, цырках, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў ды вытворчасці фільмаў. У 17-м артыкуле закона гаворыцца, што дрэсіроўка звяроў дапускаецца «пры ўмове захавання заатэхнічных, заагігіенічных і ветэрынарна-санітарных нормаў і правілаў у адпаведнасці з біялагічнымі і індывідуальнымі асаблівасцямі, а таксама пры захаванні агульных патрабаванняў па абыходжанні з жывёламі». Адно з такіх патрабаванняў не дапускае прымянення прыстасаванняў, якія цягнуць за сабой прычыненне шкоды здароўю жывёл. За парушэнне закона прадугледжваецца як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць.

Аднак хто тое дакажа, калі збіццё ўмоўнага тыгра адбудзецца ў зачыненай ад чужых вачэй установе? Так, у 2014 годзе для многіх стала шокам апублікаванае актывісткай арганізацыі па абароне правоў жывёл «Віта» відэа з-за кулісаў рускага цырка, дзе дрэсіроўшчыкі б’юць малпаў на рэпетыцыі. Пасля скандалу яны спакойна працягнулі працаваць у іншых цырках. У Беларусі такіх гучных выпадкаў пакуль не было, і гэта для некаторых чыноўнікаў — асноўны аргумент, чаму адсутнічаюць падставы для поўнай забароны на цыркавых жывёл.

За кулісамі цырка.

Старшыня камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Дарагакупец, адказны за падрыхтоўку законапраекта «Аб абыходжанні з жывёламі», лічыць, што большасць абвінавачванняў і прэтэнзій беларускіх зоаабаронцаў абсалютна галаслоўныя:

«Яны хочуць забараніць жывёл у цырках, але чаму? Дзе хаця б адзін факт, што ім там дрэнна? Вы бачылі гэта на свае вочы? Дайце нам факты — тады мы зможам разбірацца і караць вінаватых. Пакуль жа ўсё, што крычаць актывісты, — гэта папулізм. Здаецца, яны маюць з гэтага матэрыяльную выгаду, пры гэтым зусім не думаючы пра саміх жывёл ці пра беларускіх дзяцей, якія любяць глядзець на выступы звяроў».

Дэпутат сцвярджае, што менавіта зоаабаронцы вінаватыя ў тым, што да гэтага часу канчаткова не прыняты закон для братоў нашых меншых: «Яны незадаволеныя кожнай новай рэдакцыяй і быццам не разумеюць, што на кожны выпадак жыцця напісаць закон немагчыма — для гэтай мэты будуць выдавацца падзаконныя акты. Мне здаецца, пры жаданні можна было б гадоў дзесяць таму прыняць адпаведны закон і ўжо над ім працаваць, змяняць яго, а не абмяркоўваць абстрактныя рэчы».

Тэлевядучая Ганна Бонд: «Людзі — самі зверы, якім падабаюцца жорсткія шоу»

З кіраўніцтвам галоўнага беларускага цырка (Белдзяржцырка) прэс-служба нас так і не звязала, таму мы вырашылі ўзяць каментар па гэтай тэме ў Ганны Бонд, якая мела да яго непасрэднае дачыненне. Вядомая тэлевядучая раней працавала ў цырку: туды яе прывёў былы муж Сяргей — сын «каралевы цырка» Таццяны Бандарчук. За гады працы ў гэтай сферы Ганна паспела пабываць і асістэнткай клоўна, і памочніцай ілюзіяніста, выступала на канях.

Сяргей Бандарчук і Ганна Бонд, фота: vk.com.

Сяргей Бандарчук і Ганна Бонд, фота: vk.com.

«Я шмат гастраліравала з рознымі цыркамі і артыстамі. Думаю, кожны з нас разумее, чаго варта падпарадкаваць жывёлу, няхай гэта будзе мядзведзь, тыгр ці конь. Безумоўна, гэта патрабуе пакорнасці. Ці сутыкалася я ў цырку з гвалтам? Гэта я каментаваць не буду. Думаю, гледачы самі неаднаразова бачылі некаторыя моманты кіравання жывёламі на манежы. Як чалавек, які сталее і які выдатна ведае свет артыстаў, я лічу, што ў гэтай справе нельга рэзка ўзяць і нешта забараніць. Да такога рашэння трэба прыходзіць паступова і па-чалавечы: існуюць цыркавыя дынастыі, якія больш за стагоддзе вядуць свае традыцыі, абсякаць гэта на корані нельга. Тым не менш, аднойчы мы мусім прыйсці да таго, каб вывесці жывёл з такога мастацтва, як цырк. Праўда, спачатку кожны з нас павінен пачаць са сваіх талерак: адмовіцца ад мяса, напрыклад. Тады можна будзе казаць пра нейкі гуманізм. Я, дарэчы, два тыдні не ўжываю мяса і адчуваю сябе куды весялейшай і бадзёрай», — кажа Бонд.

Праўда, Ганна не ўпэўненая, што ў людзей хопіць той самай чалавечнасці, каб нешта змяніць:

«Акрамя цыркаў з жывёламі, у свеце шмат рэчаў, дзе гвалт ужываюць і ў дачыненні да людзей: падрыхтоўка да Алімпіяд, балет і гэтак далей. І людзі самі аддаюць грошы за ўсе жорсткія шоу: каб паглядзець, як з вышыні зрываецца гімнастка ці нехта пакутуе. На мой погляд, людзі самі і ёсць зверы. Пачніце з сябе, а потым ужо разбірайцеся з мастацтвам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?