У далёкім 1991 годзе беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які тады жыў у Оршы, задумаў незвычайны фестываль. Ідэя была такая: запачаткаваць традыцыю беларускім выканаўцам аўтарскай песні збірацца ў вусці рэчкі Крапіўны ў пачатку верасня — там і тады, калі адбылася ў 1514 годзе Аршанская бітва.

За 25 гадоў сваёй гісторыі «Аршанская бітва» перажыла і ўзлёты, і падзенні, ператварыўшыся ў буйную адкрытую пляцоўку для бардаў і маладых беларускіх паэтаў.

Апошнія 9 гадоў з-за ціску сілавікоў аўдыторыя фестываля зменшылася з дзвюх-трох соцень да 10—20 чалавек, стаўшы амаль што падпольным фестывалем. Але нязменным было адно — выступленне аўтара ідэі Андрэя Мельнікава.

І вось сёлета ўпершыню на «Аршанскай бітве — 2016» Мельнікава, які ўсюды называе сябе бацькам фэсту, не было. Ён выбраў нейкую іншую пляцоўку, здаецца, недзе ў Лідзе. Напэўна, там было лепш, чым недзе вечарам у лесе паміж Оршай і Дуброўнай. Калі капітан пакідае тонучы карабель, то яго каманда дзейнічае ўжо па-свойму. Месца капітана фестывалю на сённяшні дзень свабоднае.

А што ж «Аршанская бітва»? Яна прайшла без нашых бардаў. За адсутнасцю капітана карабель вёў каардынатар фэсту, аршанскі гісторык-даследчык Юрка Копцік, які паказаў напісаную ім адмыслова для фестываля песню «Крапівенскае поле».

А што ж нашы барды? Нават не авалодаўшы яшчэ ў дастатковай ступені ні словам, ні голасам, ні гітарай, нашы выканаўцы аўтарскай песні тым не менш ужо навучыліся ставіць умовы: аплаціце мне праезд плюс ганарар за выступ — хто 50, а хто і 100 у.а. «Рэйтынгавае» старэйшае пакаленне наогул, падобна, «спісалася». 

А вечарам у лесе ля Крапіўны сабраліся маладыя і не надта маладыя людзі з Оршы, Магілева, Віцебска. Крапівенскае поле па-ранейшаму прываблівае да сябе тых, хто ведае, што гэта за месца і што яно азначае для нас. Чыталі вершы, слухалі беларускую музыку ды й проста гаварылі пра надзённае і цікавае ўсім. Падымалі чарку з традыцыйным для гэтага месца тостам — за перамогу. Ды спадзяваліся на лепшы час для Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?