XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе без удзелу Святланы Алексіевіч. Ніякіх спецыяльных мерапрыемстваў з нобелеўскім лаўрэатам не запланавана.
Святлана Алексіевіч на аналагічнай выставе ў Мінску ў 2014 годзе
Галоўныя ж тэмы маючага адбыцца форуму — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, 25-годдзе СНД, юбілеі класікаў айчыннай літаратуры і Год культуры. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавяла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Творчасць Святланы Алексіевіч упісваецца і ў запланаваны фармат: «Чарнобыльская малітва» — да гадавіны аварыі на ЧАЭС, «Час сэканд хэнд» — да юбілею СНД, а сам факт атрымання пісьменніцай Нобелеўскай прэміі — да абвешчанага Году культуры. Але арганізатары не збіраюцца праводзіць такіх паралеляў.
«Правы на выданне кніг Святланы Алексіевіч належаць расійскаму выдавецтву «Время». Яны прыязджаюць да нас на выставу. І, я думаю, што на іх стэндзе будуць прадстаўленыя творы нобелеўскага лаўрэата, — сказала міністр інфармацыі.- Безумоўна, гэтая тэма знойдзе сваё адлюстраванне на выставе. Асабліва ў асяроддзі літаратараў. На сімпозіуме пісьменнікаў будзе ісці размова ў тым ліку і пра тыя дасягненні, якія сёння ёсць у беларускай літаратуры».
XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава пройдзе з 10 па 14 лютага ў павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Уваход будзе вольны. Ганаровы госць — Арменія. Усяго ў спісе ўдзельнікаў — 29 краін.





