Праведзены аналіз кніжнага рынку за мінулы год. Галоўная выснова — манапалістаў больш няма. Гэта значыць, у выданні падручнікаў, зразумелая справа, дзяржава па-ранейшаму адганяе палкай усіх ад «Народнай асветы», але на чыстым рынку сітуацыя канчаткова выраўнялася.
Вось дадзеныя па колькасці найменняў і тыражах.
Выдавецтва | найм. | % найм. | Тыраж, тыс | % тыраж | Сяр. тыраж |
Аверсэв | 469 | 4,6% | 4438,8 | 20,6% | 9464 |
Адукацыя i выхаванне | 59 | 0,6% | 236,5 | 1,1% | 4008 |
Альтэрнатыва | 70 | 0,7% | 34,6 | 0,2% | 494 |
Беларуская навука | 144 | 1,4% | 41,8 | 0,2% | 290 |
Беларуская энцыклапедыя | 60 | 0,6% | 153,7 | 0,7% | 2562 |
Белы вецер | 524 | 5,1% | 1014,2 | 4,7% | 1935 |
Букмасцер | 83 | 0,8% | 705,5 | 3,3% | 8500 |
Вышэйшая школа | 96 | 0,9% | 132 | 0,6% | 1375 |
Звязда | 58 | 0,6% | 106,9 | 0,5% | 1843 |
ІП Вараксін | 102 | 1,0% | 28,9 | 0,1% | 283 |
Кніжны дом | 102 | 1,0% | 415,7 | 1,9% | 4075 |
Каўчэг | 159 | 1,6% | 43,2 | 0,2% | 272 |
Красіка | 53 | 0,5% | 104,5 | 0,5% | 1972 |
Мастацкая лiтаратура | 57 | 0,6% | 174 | 0,8% | 3053 |
Народная асвета | 109 | 1,1% | 544,6 | 2,5% | 4996 |
Новыя веды | 76 | 0,7% | 285 | 1,3% | 3750 |
Астатнія | 6811 | 66,5% | 9950,2 | 46,2% | 1461 |
Пачатковая школа | 81 | 0,8% | 612,3 | 2,8% | 7559 |
Папуры | 233 | 2,3% | 843,9 | 3,9% | 3622 |
Права і эканоміка | 134 | 1,3% | 15,1 | 0,1% | 113 |
Проф-прэс | 74 | 0,7% | 55,9 | 0,3% | 755 |
Содействие | 146 | 1,4% | 210,1 | 1,0% | 1439 |
Сэр-Віт | 107 | 1,0% | 428,4 | 2,0% | 4004 |
Харвест | 214 | 2,1% | 491,4 | 2,3% | 2296 |
Чатыры чвэрці | 75 | 0,7% | 38,1 | 0,2% | 508 |
Энцыклапедыкс | 54 | 0,5% | 9,2 | 0,0% | 170 |
ЮніПрэсМаркет | 87 | 0,8% | 438,5 | 2,0% | 5040 |
Дадзеныя ў выглядзе дыяграм.
Як бачыце, толькі «Аверсэв» злёгку выбіваецца па накладах, але гэта зразумела, улічваючы, якую менавіта літаратуру ён друкуе.
«Харвест» і па назвах, і па тыражы захоўвае сціплую долю, крыху больш за два адсоткі.
У мастацкай і дзіцячай літаратуры падобная сітуацыя.
Тут радуе «Папуры». Мабыць, нездарма яны выдавалі беларускую класіку ў фармаце покет. Ну, і «Мастацкая лiтаратура» займае на здзіўленне вялікую долю — 13,4% па накладах.
«Кніжны дом» працягвае ціха і ўпэўнена дамінаваць. «Харвеста» сярод лідараў «дзіцячага» сегмента наогул не заўважана.
Але самае цікавае пачынаецца, калі аналізуеш мовы выдання. У 2015 годзе на рускай мове было надрукавана 8227 кніг агульным накладам амаль 16 мільёнаў асобнікаў. На беларускай — 1168 (у сем разоў менш) тыражом 3.680.700 (у 4,3 раза менш). Здавалася б, сумная статыстыка, але, як гаворыцца ў адным старым анекдоце, «ёсць нюанс».
Па-першае, сярэдні наклад беларускамоўных кніг у паўтара раза вышэйшы, чым рускамоўных (3151 супраць 1945).
Па-другое, усё спазнаецца ў дынаміцы. У 2010 годзе суадносіны было злёгку іншыя: 9461 рускамоўных кніг і 951 беларускамоўных (розніца ў 10 разоў!). Па накладах суадносіны 37.305.300 на 4.019.500 (у 9,3 раза!).
Яшчэ цікавей становіцца, калі параўноўваеш выпуск мастацкай і дзіцячай літаратуры ў 2010 і 2015 гадах.
Калі ў 2010 годзе найменняў мастацкай літаратуры на рускай мове было ў 6,4 раза больш, чым на беларускай, то ў 2015 — усяго на 30%! І ў дзіцячай літаратуры суадносіны змянілася. Было 1:12,6, стала 1:4. Змены на парадак!
З накладамі такая ж сітуацыя.
У 2010 годзе суадносіны мастацкіх кніг на рускай мове было ў 86 (!) разоў больш, чым на беларускай. У 2015 — усяго на 27%. Дзіцячая літаратура ў 2010 была надрукаваная накладам у 16 разоў большым, чым беларуская. У 2015 — у чатыры разы.
Аднак прычын для радасці замала. Сітуацыя выраўніваецца не столькі за кошт росту беларускамоўных выданняў, колькі за кошт падзення выпуску кніг на рускай.





